Журналіст Алесь Асіпцоў знаходзіцца ў ІЧУ Магілёўскага раёна (абноўлена)



Журналіст Алесь Асіпцоў, які ўчора знік пасля «Антыпарада» ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Магілёўскага раёна, паведамляе закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр «Вясна».

9 мая ў Бабруйску прайшла несанкцыянаваная акцыя «Антыпарад». Правесці яе заклікаў гомельскі блогер youtube-канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі. Сам ён быў затрыманы раніцай 6 мая і цяпер адбывае 15-сутачны арышт за ўдзел у акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі ў снежні 2019 года. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Бабруйск Оnline», за ўдзел у «Антыпарадзе» было затрымана 15 чалавек.

Яшчэ сёння раніцай месцазнаходжанне Асіпцова заставалася невядомым. Як паведаміў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, дачка Асіпцова высветліла праз спецыяльную камп’ютарную праграму, што тэлефон бацькі знаходзіцца на вуліцы Гогаля, 18, дзе размяшчаецца АУС Ленінскага раёна Бабруйска. «Патэлефанаваў у Ленінскі РАУС Бабруйска, у якім нібыта зафіксаваны тэлефон Алеся Асіпцова. Дзяжурны высвятляў. Пачуў з размовы: »А, з БАЖа«… Адаслалі ў ІЧУ, але там зноў кажуць, што такога ў іх няма», – сказаў Бастунец.

За апошнія дні ў шэрагу гарадоў Беларусі адбылося некалькі затрыманняў журналістаў, якія асвятлялі несанкцыянаваныя акцыі. Вечарам 7 мая ў Магілёве быў затрыманы аператар-фрылансар Міхаіл Аршынскі. 8 мая ў Глыбокім (Віцебская вобласць) – журналіст Зміцер Лупач, які супрацоўнічае з «Белсатам». У Магілёве ў той жа дзень затрымалі журналіста і праваабаронцу Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з Deutsche Welle. 9 мая ў Марʼінай Горцы (Пухавіцкі раён Менскай вобласці) быў затрыманы аператар «Белсата» Аляксандр Баразенка.

Баразенку адпусцілі, пратрымаўшы ў міліцыі тры гадзіны. Аршынскі і Буракоў, паводле інфармацыі БАЖ, знаходзяцца ў ІЧУ Магілёва, Лупач – у ізалятары Глыбокага. Чакаецца, што суды над імі адбудуцца ў панядзелак, 11 мая.

За папярэднія тры дні, з 6 да 9 мая, у розных гарадах Беларусі затрымана прыкладна 100 чалавек – грамадскіх актывістаў і прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага. Згодна са звесткамі «Вясны», на вечар 9 мая было дакладна вядома пра 46 актывістаў, якія знаходзіліся за кратамі. З іх 17 арыштаваныя на тэрмін ад 2 да 15 сутак. Суды прайшлі ў пяці гарадах: Гомелі, Віцебску, Лідзе (Гарадзенская вобласць), Гародні, Магілёве. Яшчэ 29 затрыманых чакаюць судоў у ізалятарах.

БелаПАН

***

Пасля затрыманняў у Бабруйску, калегі журналіста Алеся Асіпцова паведамляюць, што невядомае яго месцазнаходжання. Тэлефон Алеся не адказвае. Спробы высветліць, што сталася з журналістам пакуль безвыніковыя, паведамляе ў сваім Facebook старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Паводле журналістаў, у РУУС і ДАІ Бабруйска сцвярджаюць, што яны нібыта не затрымлівалі журналіста Белапану Алеся Асіпцова. Але, як адзначае Андрэй Бастунец, гэта звычайны адказ у падобных выпадках.

9 траўня ў Бабруйску прайшоў несанкцыянаваны «антыпарад». Далучыцца да акцыі заклікаў блогер Сяргей Ціханоўскі. Міліцыянты затрымалі шэраг журналістаў, у тым ліку і аператара «Белсата» Алеся Баразенку. Вядома, што многіх супрацоўнікаў СМІ вызвалілі, пасля акцыі застаецца невядомым месцазнаходжанне журналіста Алеся Асіпцова.

belsat.eu