У Балгарыі забілі журналістку, якая займалася расследаваннямі
У Балгарыі 6 кастрычніка забілі журналістку і тэлевядоўцу рэгіянальнага каналу TVN Вікторыю Марынаву. Пра гэта паведаміў рэсурс NOVA TV.
У паліцыі паведамілі, што цела Марынавай знайшлі ў парку паблізу Дуная. Яе рэчы ляжалі ў некалькіх метрах ад цела, а непадалёк быў прыпаркаваны аўтамабіль. Адзначаецца, што яна памерла ў выніку ўдараў па галаве і здушэння.
У паліцыі разглядаюць розныя версіі забойства, у тым ліку прафесійная дзейнасць Марынавай. Як паведаміў у Twitter Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванага злачынства, апошняй тэмай, над якой працавала Марынава, быў скандал наконт раскрадання сродкаў фондаў Еўразвязу, так званы GPGate.
Марынавай было 30 гадоў. Паліцыя паведаміла, што перад смерцю журналістку згвалцілі.
Беларускае Радыё Рацыя