У банкаўскай сферы Беларусі за год выяўлена 20 карупцыйных злачынстваў
У банкаўскай сферы ў 2018 годзе было выяўлена 20 фактаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці работнікаў банкаўскіх устаноў за ўчыненне карупцыйных злачынстваў. Паводле звестак БелаПАН, пра гэта Нацыянальны банк праінфармаваў камерцыйныя банкі.
Так, 9 фактаў прыцягнення банкаўскіх работнікаў да крымінальнай адказнасці былі звязаныя з атрыманнем хабару, 5 фактаў — з дачай хабару.
Акрамя гэтага, па чатырох фактах карупцыйных злачынстваў у банкаўскай сферы былі распачатыя справы на падставе артыкула 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), па двух фактах крымінальныя справы былі распачатыя на падставе артыкула 426 Крымінальнага кодэкса (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).
Нацыянальны банк Беларусі раней у гэтым годзе запытваў у камерцыйных банкаў звесткі пра карупцыйныя злачынствы і, у прыватнасці, цікавіўся звесткамі аб службовых асобах банкаў, прыцягнутых да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне карупцыйных (эканамічных) злачынстваў.
Паводле інфармацыі БелаПАН, у 2018 годзе шматлікія беларускія банкі па рэкамендацыі Нацбанка прынялі прэвентыўныя антыкарупцыйныя меры.
Напрыклад, назіральны савет Банка развіцця зацвердзіў палітыку інфармавання кіраўніцтва аб парушэннях у фінансавай арганізацыі „з мэтай павышэння якасці карпаратыўнага кіравання”. Дакумент вызначае асноўныя задачы і прынцыпы па недапушчэнні ўцягвання банка і яго работнікаў у незаконную і супрацьпраўную дзейнасць. У Банку развіцця запрацавала лінія даверу, і любы работнік, а таксама кліент, контрагент „ці іншая асоба, якая сутыкнулася з незаконнымі альбо неэтычнымі дзеяннямі ў дзейнасці Банка развіцця”, зможа паведаміць пра гэта ўпаўнаважаным асобам.
Аналагічную службу даверу ўкараніў у 2018 годзе і найбуйнейшы камерцыйны банк краіны — „Беларусбанк”. Ён прапанаваў асобам, якім стала вядома аб правапарушэннях, паведамляць гэтую інфармацыю па электроннай пошце службовай асобе, адказнай за ўнутраны кантроль, а таксама прадстаўніку наглядальнага савета.
Варта зазначыць, што ў 2017—2018 гадах адбылося некалькі гучных судовых пасяджэнняў, па выніках якіх работнікі „Беларусбанка” і Нацбанка былі прызнаныя вінаватымі ва ўчыненні карупцыйных злачынстваў.
belapan.by