У Баранавічах 25 сакавіка свята пачнецца а 12-й гадзіне ў Маладым парку
У Баранавічах святкаванне 100-годдзя БНР пачнецца 25 сакавіка а 12-й гадзіне ў Маладым парку ў цэнтры гораду. Такое рашэнне са спазненнем прыняў мясцовы выканкам, які адмежаваўся ад вулічнага святкавання. Аплата за адпаведныя службы пакладзена на плечы арганізатараў – дэмакратычную супольнасць, незважаючы на іх просьбу аплаціць з бюджэта паслугі камунальнікаў, медыкаў і міліцыі.
Кажа сябра руху “За свабоду” Юрый Казакевіч:
– Трэба сказаць, што ўсе гэтыя арганізацыі выставілі нам мінімальныя рахункі, згодна заканадаўству, згодна іх расцэнак. Калі мы гэта ўсё склалі, то вырашылі, што проста абавязаны напружыцца з усіх сіл, каб і грошы знайсці, і ўхітрыцца за тыя дні, што засталіся, арганізаваць насычаную, вартую культурную праграму.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Па словах Юрыя Казакевіча, грошы выдзяляюць спонсары. Праграма ўключае выступ гісторыка Ігара Мельнікава, выступы музычных гуртоў, віктарыны і ярмарку рамеснікаў.
Калі першая палова святкавання адбудзецца ў Маладым парку, то другая – ў школе мастацтваў, дырэктарка якой падтрымала свята, як і кіраўніцтва музычнай вучэльні, што знаходзіцца побач.
Праграма свята абяцае быць разнастайнай і цікавай, кажа старшыня мясцовага Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі:
– У нас музычных нумароў хапае і не толькі ад музычнай школы. Яшчэ “Фэст” павінен выступаць, ёсць у нас такі добры музычны ансамбль. І ёсць прапановы з Менску. Дамовіліся, што Анатоль Сідарэвіч будзе выступаць у якасці гісторыка пра БНР у самым пачатку. Ужо пунктаў 20 гэтай праграмы.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Паводле Мікалая Падгайскага, у школе мастацтваў свята пачынаецца а 15-й гадзіне. Да падрыхтоўкі свята спрычыніліся ўсе дэмакратычныя сілы.
Арганізатары спадзяюцца, што будзе цікава ўсім, ад малога да дарослага.
Беларускае Радыё Рацыя
