У Баранавічах адзначылі 85-годдзе Вячаслава Сухарэбскага



Вядомаму на Баранавіцкай зямлі змагару за незалежную Беларусь і беларушчыну Вячаславу Сухарэбскаму споўнілася 85! Павіншаваць юбіляра прыйшлі і прыехалі сябры з Баранавіч, з Русінаў. Яны падрыхтавалі цэлы сцэнар. Уваход у дагледжаную сядзібу імянінніка быў агаломшаны гукамі саксафона ўнука-музыканта Чарнавуса. Былі плакаты і чытанне вершаваных віншаванняў. Мікалай Чарнавус- старэйшы зварыў смачную кашу на ўсіх і спёк цудоўны каравай.

Сухарэбскі годна і сумленна пражыў сваё жыццё. І ўсё жыццё быў адданым беларусам, а над пабудаваным сваімі рукамі домам у вёсцы Русіны заўсёды лунаў і лунае бел-чырвона-белы сцяг.

Шмат добрых заслужаных слоў пачуў спадар Вячаслаў ад гасцей пра сябе, кажа намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах Мікалай Падгайскі:

– Вячаслаў Іванавіч у нас стары сябра, скажам так, ён вядомы змагар за беларускасць. У палітычных акцыях заўсёды ўдзельнічае. Ён у нас найбольшы ахвярадаўца ў Таварыстве беларускай мовы.

– Шчыры беларус. Такіх вельмі мала ў нас. Каб было больш, то Беларусь была б іншая. Была б свядомая, як Літва, Польшча, Украіна.

– Хай ён жыве доўга-доўга. Ён нам патрэбен.

Юбіляр чытаў на памяць за сталом пранікнённыя вершы Янкі Купалы, гучала беларуская музыка, і ўсе цешыліся сяброўскімі размовамі і ўспамінамі. Спадар Сухарэбскі вельмі хоча дажыць да дэмакратычных перамен. Каб лепшай, чым у яго, была доля дзяцей і ўнукаў і праўнукаў на роднай зямлі.

Цалкам матэрыл:

Беларускае Радыё Рацыя