У Баранавічах АМАП штурмам узяў дом, у якім адзін з жыхароў пагражаў выбухам газу



Супрацоўнікі АМАПа ўзялі штурмам дом і затрымалі жыхара Баранавічаў, які пагражаў узарваць газам аднапавярховы шматкватэрны дом.

Intex-press.by

50-гадовы мужчына патэлефанаваў у дзяжурную частку, і паведаміў, што невядомыя яму людзі патрабуюць у яго 150 рублёў. Акрамя гэтага, з яго тэлефона ва ўсе экстранныя службы Баранавічаў паступіла 25 званкоў з рознага роду пагрозамі. Мужчына таксама заявіў, што пусціў у кватэру газ і пагражаў падарваць дом.

«На месца здарэння неадкладна быў накіраваны бліжэйшы нарад міліцыі. Па прыбыцці праваахоўнікаў мужчына дзверы не адчыніў. У размове з супрацоўнікамі міліцыі ён паводзіў сябе неадэкватна, выказваў намеры здзейсніць суіцыд», – распавялі ва УУС Брэсцкага аблвыканкама.

11 жыхароў дома былі эвакуяваныя, аварыйныя службы адключылі электрычнасць і газ, пасля чаго міліцыя пайшла на штурм. Мужчыну затрымалі і павезлі ў машыне хуткай дапамогі. Мужчына жыў адзін і злоўжываў спіртнымі напоямі.

Tut.by