У Баранавічах асудзілі дырэктара завода, які спрабаваў змыць хабар у прыбіральні
1 лістапада суд у Баранавічах вынес прысуд па справе аб атрыманні хабару ў буйным памеры. Падсуднымі былі экс-кіраўнік мясцовага завода і начальнік бюро камерцыйнага аддзела прадпрыемства. Як піша intex-press.by, ніхто з іх не прызнаў сябе вінаватым.

Карупцыйны скандал здарыўся ўвесну 2021 года. 1 сакавіка дырэктара Баранавіцкага станкабудаўнічага завода (філіял ЗАТ „Атлант”) і начальніка бюро камерцыйнага аддзела злавілі з доказамі злачынства падчас атрымання хабару ад прадстаўніка чалябінскай фірмы.
Суд прызначыў экс-дырэктару 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 5000 базавых велічынь (145 тысяч рублёў). Яго падзельнік асуджаны на 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 3000 базавых велічынь (87 тысяч рублёў).
Акрамя таго, яны павінны кампенсаваць дзяржаве шкоду памерам сумы атрыманага хабару.
