У Баранавічах будуць судзіць Чарнавуса-малодшага
У аўторак, 18 красавіка, а 10-ай гадзіне раніцы ў Баранавіцкім судзе адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міколы Чарнавуса (малодшага). Раней, 15 красавіка, у гарадскім аддзеле міліцыі на Чарнавуса быў складзены адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі падчас ператрусу ў іх з бацькам доме 5 красавіка. Складаў пратакол старшы ўчастковы інспектар Мікалай Капелька. А непадпарадкаванне выказалася ў адмове Чарнавуса выклікаць майстра па ўскрыцці дзвярэй ў ягоную палову дома.
– У мяне не было ключа. Міліцыянты прапанавалі выклікаць спецыяліста па ўскрыцці замкоў, але ў мяне рабіць гэта не было жадання. Бо мне трэба было званіць са свайго тэлефона за свае грошы, выклікаць супрацоўніка гэтай фірмы таксама за свае грошы для таго, каб супрацоўнікі міліцыі змаглі трапіць на тэрыторыю, дзе я жыву.
Паводле Міколы Чарнавуса, пратрымалі яго ў міліцыі з 14-ай да 16-ай гадзіны. Менавіта на такі час замаўлялася акцыя на плошчы ў Баранавічах, у якой гарвыканкам адмовіў. Чарговы пратакол і суд Чарнавус лічыць пераследам за сваю актыўную грамадскую дзейнасць.
Беларускае Радыё Рацыя