У Баранавічах будуць судзіць бацьку і сына Чарнавусаў



У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 17 лютага будуць судзіць бацьку і сына Міколаў Чарнавусаў. Іх вінавацяць у арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. То бок, за збор подпісаў супраць “дармаедскага дэкрэту” каля падатковай інспекцыі.

Чарнавусаў спачатку ўсцешыла, што часу для паездкі ў Менск на Марш раззлаваных беларусаў яшчэ хопіць. Суд пачнецца а палове на 12-ую. Але мясцовыя праваахоўныя органы разглядаюць новую  магчымасць для затрыманьня, кажа  Мікола Чарнавус (старэйшы):

– Сам намеснік начальніка міліцыі Сяргей Паўленя прынёс позву пад распіску. Выклікаюць мяне а 16-й ва УУС у якасці „асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс”. Каб я не змог паехаць у Менск, вырашылі мяне тут затрымаць. Сяргей Паўленя сказаў, што так, прыгожы каравай Чарнавус выпек.

З  намёку Паўлені пра каравай, Чарнавус зразумеў, што 17 лютага а 16-ай гадзіне будзе складзены новы пратакол за пікет-запрашэнне  Лукашэнкі з караваем у руках  на Марш.

Беларускае Радыё Рацыя