У Баранавічах працягваецца змаганне за адкрыццё беларускага класа
Чыноўнікі ўпарта не пагаджаюцца адкрываць беларускі клас у гімназіі №4. Апошнім часам яны паставілі бацькам умову стварыць клас з 24 чалавек, тады ім знойдзецца месца ў гімназіі. Але старшыня Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі лічыць такое стаўленне дыскрымінацыяй беларушчыны. Ккажа спадар Падгайскі:
– У мяне шмат доказаў таго, што беларускія людзі і ўвогуле беларускасць у нас у дыскрымінацыі. У мяне ёсць апошнія лічбы перапісу насельніцтва: у Баранавічах 22,5 тысяч людзей, якія гавораць па-беларуску. А 81,3 тысячы насельніцтва горада Баранавічы прызналі роднай мовай – беларускую. Калі яны прызнаюць роднай мовай беларускую, то чаму іх дзяцей не вучыць па-беларуску?
Паводле Мікалая Падгайскага, чыноўнікі нават не вядуць размовы пра навучанне на беларускай мове. Бацькі дзяцей-першакласнікаў у школах атрымліваюць гатовыя заявы, дзе ўжо напісана пра навучанне на рускай мове, а бацькам прапануецца ўставіць толькі прозвішча вучня.
12 траўня ў гімназіі адбудзецца сход бацькоў-першакласнікаў, на якім бацькі беларускага класа будуць бараніць сваё права на навучанне ў гэтай установе сваіх дзяцей па-беларуску.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы