У Баранавічах рыхтуюцца да пікету



Прадпрымальнік з Баранавіч Мікалай Чарнавус падаў заяўку ў гарадскі выканаўчы камітэт на правядзенне пікету 28 сакавіка на плошчы Леніна з 12 да 15 гадзін. У пікеце прымуць удзел гараджане, сярод якіх будуць прадпрымальнікі, уладальнікі маршрутак і іх кіроўцы. Удзельнікі пікету хочуць выказаць сваю нязгоду з далейшым курсам краіны на збядненне народа, кажа Мікалай Чарнавус:

Ідзе збядненне народа. Прадпрымальнікі не ў стане аплачваць арэнду, падаткі і пенсійны фонд. Гэта вельмі вялікая сума. Атрымліваецца, што прадпрымальнікі ўжо ў мінус працуюць.

Паводле Чарнавуса, на пікеце будуць выкарыстаны лозунгі з надпісамі: “Задралі цэнамі – як выжыць?”, “Зменшы апетыт і заплаці хаця б па 400 рублёў кожнаму”, “Ні цвіка, ні жазла Мінтрансу”.

Таксама ў Баранавічах ідзе збор подпісаў у падтрымку маршрутных таксі.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы