У Баранавічах улады забаранілі правядзенне народнага сходу
Баранавіцкі гарвыканкам забараніў правесці 15 красавіка народны сход, заяўку на які падаў мясцовы індывідуальны прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус.
Як паведаміў БелаПАН актывіст, сход планаваўся з мэтай выказаць пратэст супраць збяднення простых людзей, зніжэння заробкаў, нізкіх пенсій, росту цэн на тавары і камунальныя паслугі, беспрацоўя. У заяўцы Чарнавус прапанаваў тры месцы, дзе мог бы прайсці народны сход: Баранавіцкі гарвыканкам, райвыканкам або цэнтральная плошча, таксама ён прапанаваў забяспечыць яўку на гэтае мерапрыемства прадстаўнікоў улады. Планавалася, што ў ім возьмуць удзел да 400 чалавек.
Паводле слоў Чарнавуса, 11 красавіка ён атрымаў з Баранавіцкага гарвыканкама адказ, з якога вынікае, што сход ўлады не дазваляюць на падставе ч. 6 арт. 4 закона „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. А менавіта ў сувязі з тым, што асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое парушэнне не могуць выступаць арганізатарамі масавага мерапрыемства.
22 сакавіка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы аштрафаваў Чарнавуса на 40 базавых велічыняў (920 рублёў) за ўдзел у акцыі супраць дэкрэта „аб дармаедах”, якая прайшла ў Баранавічах 26 лютага.
20 сакавіка гэты суд прызнаў Чарнавуса вінаватым у арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (пікета) і аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (690 рублёў).
6 лютага ў Баранавічах Мікалай Чарнавус разам з сынам Мікалаем, сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, перадалі копіі 510 подпісаў за адмену дэкрэта № 3 у мясцовую падатковую інспекцыю. Ля будынка падатковай яны сабралі яшчэ некалькі такіх подпісаў. Суд палічыў гэта масавым мерапрыемствам.
„Я думаю, пазней будзе вызначаны дзень, калі жыхары збяруцца на галоўнай плошчы горада, а не на пляцоўцы ў старым гарадскім парку культуры і адпачынку, які вызначаны чыноўнікамі ў якасці месца для масавых мерапрыемстваў, але больш падыходзіць для выгулу сабак, — заявіў Чарнавус-старэйшы. — І толькі за пяць дзён паведамім уладзе аб гэтым мерапрыемстве. Мы рэалізуем права на мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання, прадугледжанае Канстытуцыяй”.