У Баранавічах упаў і разбіўся ваенны самалёт
«Добры дзень, толькі што ў горадзе разбіўся самалёт», — такі званок паступіў у рэдакцыю каля 12.40 19 траўня. Загінулі два пілоты.
Аб падзенні ваеннага самалёта ў Баранавічах адной з першых у рэдакцыю Intex-press паведаміла жыхарка 16-павярховіка ў Паўднёвым мікрараёне. Са слоў жанчыны, чацвёрка самалётаў адпрацоўвала палёты, адзін з іх упаў.
— Ён круціў трукі, потым нешта ў яго здарылася, ён страціў вышыню, яго стала штарміць, ён стаў сыходзіць ад горада, і ўпаў дзесьці ў баку Усходняга, наўрад ці нават паспеў за горад паляцець — распавяла гараджанка.
Па словах жанчыны, яна бачыла выбух і дым.
Як стала вядома з кампетэнтных крыніц, самалёт разбіўся ў раёне вуліцы Фестывальнай. Паводле папярэдняй інфармацыі, пілот паспеў катапультавацца, але ён у цяжкім стане.
Па звестках уладнай газеты «Наш Край», самалёт узлятаў з аэрадрома ў кірунку Усходняга мікрараёну. На ўзлёце ён урэзаўся ў прыватны дом на вуліцы Розы Люксембург. «НК» піша, што пілот загінуў.
Адмыслоўцы па фотаздымках зазначаюць, што аскепак крыла па размалёўцы падобны на камуфляж беларускіх «Як-130» — гэта ваенна-навучальны самалёт.
21-22 траўня ў Баранавічах будзе адзначацца Дзень горада. У праграме свята пазначана авіяшоў. Хутчэй за ўсё, самалёт выконваў трэніровачны палёт для ўдзелу ў шоў.