У Баранавічах ушанавалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій



У Баранавічах працягнулася ўшанаванне ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Група актывістаў прыбрала тэрыторыю каля Крыжа пакутаў, усклала кветкі і паставіла знічы.

Другі раз мерапрыемства, арганізаванае мясцовым Таварыствам беларускафй мовы, адбылося ў пашыраным фармаце са значнай колькасцю людзей. Спачатку грэка-каталіцкі святар Яўген Маліноўскі адслужыў паніхіду ля Крыжа пакутаў, людзі ўсклалі кветкі, запалілі знічы. Затым у памяшканні прайшла мастацкая частка ўспамінаў пра закатаваных і расстраляных лепшых людзей Беларусі, кажа старшыня Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі:

– Мы ўпершыню правялі ўшанаванне памяці ахвяраў рэпрэсій у такім двайным фармаце. Спачатку сабраліся каля крыжа і памаліліся там, пасля зладзілі вечарыну. Узгадалі паэтаў, прачыталі іх вершы, паказалі кіно з успамінамі чалавека, бацька якога быў рэпрэсаваны.

На мерапрыемстве былі новыя людзі, сярод іх Алесь Мачульскі. Мачульскі лічыць, што інфармацыя пра закатаваных павінна пашырацца. Гэта можа аб’яднаць людзей:

– Калі я ішоў на гэта мерапрыемства, я казаў яшчэ сваім знаёмым і сябрам, яны прасілі перадаць лампадкі і свечкі. Магчыма будзе ўздым, калі пашыраць гэтыя веды.

Упершыню ў цэнтры Баранавіч крыж-помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій быў усталяваны актывістамі ў 1992 годзе. Потым КДБ патаемна перавёз яго на тэрыторыю былой турмы НКУС “Крывое кола” – далей ад людскіх вачэй. Дзе крыж стаіць і цяпер. Па кнізе Татаранкі, там НКУСаўцы расстралялі з 1939 па 1941 год некалькі тысяч чалавек.

Рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя