Дзесяццю суткамі арышту пакаралі Зміцера Палойку (абноўлена)



Былы актывіст «Моладзі БНФ» Зміцер Палойка пакараны дзесяццю суткамі арышту. 11 снежня актывіста  затрымалі на баранавіцкім вакзале, калі ён вяртаўся з Украіны. Пра прычыну затрымання пакуль можна толькі здагадвацца. Зміцер Палойка ехаў у Баранавічы, каб прадаць там сваю кватэру. Пасля гэтага хлопец меркаваў вярнуцца ў Кіеў. Кажа баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша.

–  У міліцыі не паведамляюць, у чым справа. Вярнуўся з Украіны сюды. Мы ведаем, што ва Украіне ў яго дзяўчына. Яна нам і паведаміла. Ён паспеў ёй патэлефанаваць і сказаць, што яго знялі з цягніка і адразу павезлі ў суд. А прыехаў ён сюды, каб прадаць кватэру.

Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша паведаміў, што сёння да Змітра Палойкі пойдзе адвакат — тады стануць вядомыя акалічнасці затрымання.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё 

* * *

Зміцер Палойка асуджаны на 10 сутак. 11 снежня яго затрымалі на баранавіцкім вакзале, калі ён вяртаўся з Украіны.

Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў ізалятары часовага ўтрымання Баранавічаў.

„Зміцер Палойка ўжо чацвёрты дзень знаходзіцца ў нас. Ён асуджаны за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”, – паведаміў дзяжурны ІЧУ Баранавічаў Дзмітры Дранчук.

Падрабязнасці затрымання Дзмітры Дранчук распавесці адмовіўся. Але сказаў, што ніякага ціску на сям’ю Змітра Палойкі не аказваецца.

Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша паведаміў „Радыё Свабода”, што заўтра да Змітра Палойкі пойдзе адвакат – тады стануць вядомыя акалічнасці затрымання.

„У Баранавічах Зміцер Палойка быў актывістам. Браў удзел у розных мерапрыемствах, у тым ліку і ў пікетах. Але Зміцер адышоў ад гэтых спраў, паехаў працаваць за мяжу. Быў пэўны час у Маскве. Апошнія паўгады – у Кіеве”, – распавёў Сяргей Гойша.

„Пакуль мы таксама не ведаем, як бы за дробнае хуліганства, так адказалі. Падрабязнасці міліцыя не паведамляе, паспрабуем заўтра даведацца. Ён чацвёртыя суткі ўжо знаходзіцца ў ізалятары – асуджаны, але падрабязнасці будзем ведаць пазней”, – адзначыў Гоўша.

Пра прычыну затрымання, паводле праваабаронцы, пакуль можна толькі здагадвацца. Зміцер Палойка ехаў у Баранавічы, каб прадаць там сваю кватэру. Пасля гэтага хлопец меркаваў вярнуцца ў Кіеў.