У Баранавічах жанчыну асудзілі на 2 гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі



54-гадовая Ала Ціхамірава, па версіі абвінавачання, 17 кастрычніка патэлефанавала з хатняга тэлефона ў «102» і нецэнзурна аблаяла Лукашэнку. Жанчыну неўзабаве знайшлі і арыштавалі, пад вартай яе трымалі да самага суда. Абвінавачанне ёй выставілі па часцы 1 артыкула 368 — «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Паводле версіі следства, у момант званка жанчына была нецвярозай. Падобныя ўчынкі, яна нібыта рабіла ўжо не аднойчы. Маўляў, толькі цягам гэтага года Ціхамірава больш за сто разоў без патрэбы тэлефанавала ў міліцыю, у тым ліку ў нецвярозым стане, чым «ускладняла працу праваахоўнікаў і замінала іншым грамадзянам да іх звяртацца». Абвінавачаная віну прызнала. Судзіла Ціхаміраву суддзя Ала Паўлоўская і прысудзіла ёй два гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Пасля абвяшчэння прысуду жанчыну вызвалілі ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе.