У Барселоне прайшла акцыя салідарнасці з беларусамі
Беларусы, якія жывуць у Іспаніі, 28 сакавіка правялі ў цэнтры Барселоны акцыю салідарнасці з затрыманымі і арыштаванымі ўдзельнікамі пратэстаў у Беларусі, паведаміла БелаПАН арганізатар пікета журналістка Ганна Барабан.
У акцыі на цэнтральнай плошчы горада — плошчы Каталоніі — узялі ўдзел дванаццаць чалавек. „Мы раздрукавалі фатаграфіі з суботнімі затрыманнямі, намалявалі плакаты на беларускай і іспанскай мовах, раздрукавалі карту, таму што тут далёка не ўсе ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь, а таксама буклеты на іспанскай і каталанская мовах. Крычалі „Жыве Беларусь!”, Viva Belarus і No a la dictadura en Europa! [Не дыктатуры ў Еўропе!] і тлумачылі прахожым, навошта мы тут сабраліся. У асноўным гэта былі турысты. Але адна дзяўчына з Беларусі проста выпадкова ўбачыла нас на плошчы і далучылася. Падыходзілі і расіяне — бабуля з Омска даказвала нам, што мы не цэнім тое, што маем, і хваліла Пуціна і Лукашэнку”, — расказала Барабан.
Праз гадзіну ўдзельнікі пікета перамясціліся да будынка мэрыі Барселоны. „Выказаць салідарнасць падыходзілі грамадзяне Украіны, Алжыра і Францыі”, — адзначыла арганізатар пікета.
Барабан падкрэсліла, што па іспанскім заканадаўстве, калі ў акцыі ўдзельнічаюць менш як пяцьдзясят чалавек, дазвол на яе правядзенне не патрабуецца. „Мы не параўноўваем сябе з пратэстоўцамі ў Беларусі: тут мы знаходзімся ў поўнай бяспецы і змаглі выказаць салідарнасць больш чым з 700 людзьмі, якія былі незаконна затрыманыя, збітыя ці арыштаваныя. Прама цяпер нашы сябры і калегі знаходзяцца за кратамі, і мы за іх вельмі перажываем”, — адзначыла яна.
25 сакавіка беларуская апазіцыя планавала правесці ў Менску традыцыйнае шэсце з нагоды Дня Волі — гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Менш чым за суткі да акцыі Мінгарвыканкам забараніў арганізатарам праводзіць шэсце па заяўленым маршруце. Акцыя была жорстка разагнаная сілавікамі. Паводле звестак праваабаронцаў, у Менску было затрымана каля 700 чалавек. Больш за сотню з іх прайшлі праз суды, арыштаваныя альбо аштрафаваныя.