У Барысаве пачаўся суд над былым старшынём Жодзінскага гарвыканкама



19 верасня ў судзе Барысаўскага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы былога старшыні Жодзінскага гарвыканкама, паведаміла памочнік старшыні Менскага абласнога суда Юлія Корзун.

57-гадовы чыноўнік быў затрыманы ў кастрычніку 2018 года „непасрэдна пасля атрымання чарговага хабару”. Падчас следства былі выяўленыя і канфіскаваныя раней атрыманыя ім незаконныя ўзнагароды, паведамляў Следчы камітэт.

У жніўні гэтага года прэс-служба СК інфармавала аб завяршэнні расследавання крымінальнай справы. Паведамлялася, што былы чыноўнік абвінавачваецца ў здзяйсненні „шэрагу злачынстваў супраць інтарэсаў службы, у тым ліку звязаных з забеспячэннем беспадстаўнага пералічэння грашовых сродкаў у асабліва буйным памеры прадпрымальнікам, з якімі падтрымліваў сяброўскія адносіны”.

Экс-кіраўнік Жодзінскага гарвыканкама таксама абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у буйным і асабліва буйным памеры. „За незаконныя ўзнагароды ён спрыяльна вырашаў пытанні ў інтарэсах прыватных арганізацый-забудоўшчыкаў аб будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў у Жодзіне, забеспячэнні максімальнай іх паверхавасці і мінімізацыі абцяжаранняў па перадачы ў камунальную ўласнасць кватэр у дамах, якія ўзводзяцца”, — адзначалася ў паведамленні СК.

Увесь гэты час былы чыноўнік утрымліваўся пад вартай. У ходзе расследавання было праведзена больш за 200 допытаў сведак. „Следчымі вывучаны вялікі аб’ём дакументацыі, у выніку чаго выяўленыя і далучаныя да справы падробленыя дакументы, вырабленыя для ўтойвання фактаў здзяйснення злачынстваў, — паведамляў СК. — Акрамя таго, прааналізаваныя і іншыя звесткі, якія ўказваюць на выражаны неслужбовы характар адносін былога старшыні выканкама і кіраўнікоў некаторых суб’ектаў гаспадарання”.

Дзеянні абвінавачванага кваліфікаваны па ч. 3 арт. 426 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў) і ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару) Крымінальнага кодэкса.

У якасці абвінавачваных таксама былі прыцягнутыя двое грамадзян, якія ўдзельнічалі ў перадачы хабараў, паведамляў СК.

БелаПАН

Фото mpravda.by