У Барысаве загінуў салдат тэрміновай службы



Барысаўскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць даследчую праверкі па факце смерці вайскоўца, які праходзіў тэрміновую службу з мая бягучага года ў ваенным гарадку Печы ў Барысаве.

— У ваенным гарадку Печы ў Барысаве знойдзены павешаным салдат тэрміновай службы, — напісаў у рэдакцыю TUT.BY чытач.

Інфармацыю пра смерць салдата пацвердзілі ў Міністэрстве абароны.

— Мы сапраўды можам пацвердзіць, што такі факт меў месца. Кампетэнтныя органы праводзяць праверку. Па этычных меркаваннях у такіх выпадках мы не даем больш інфармацыі, — кажа Уладзімір Макараў, начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны.

Уладзімір Макараў не стаў удакладняць узрост салдата, толькі адзначыўшы, што «гэта было некалькі дзён назад».

— Барысаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца Даследчая праверка па факце смерці вайскоўца, які праходзіў тэрміновую службу з мая бягучага года. Яго цела было знойдзена 3 кастрычніка ў падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі, размешчанай у Барысаўскім раёне. У ходзе правядзення агляду месца здарэння прыкмет крымінальнага характару следствам не выяўлена. Дадзеныя, атрыманыя ў выніку першапачатковых мерапрыемстваў, дазваляюць разглядаць у якасці асноўнай версіі суіцыд. Для вызначэння прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза, — каментуе Таццяна Беланогая, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Менскай вобласці.

У СК адзначылі, што з мэтай ўстанаўлення прычын і абставін здарэння апытваюцца службовыя асобы вайсковай часткі, калегі, сваякі, знаёмыя, прызначаны шэраг экспертыз.

Нагадаем, за апошнія паўгады гэта ўжо другі трагічны выпадак у Печах. 31 сакавіка загінуў 25-гадовы мінчанін Арцём Басцюк. Тады сям’я загінулага хлопца распавядала, што ў сына былі праблемы ў частцы, ён казаў пра дзедаўшчыну. Гэтая сітуацыя абмяркоўвалася з кіраўніцтвам.

— Нам абяцалі, што за сынам прыглядзяць, усё будзе добра, а праз 12 гадзін Арцёма не стала. Як жа так? Жонка прасіла даць псіхолага, з сынам ніхто не размаўляў. Цяпер будзем дамагацца, каб вінаватыя ў смерці Арцёма былі пакараныя, — казаў у красавіку бацька загінулага салдата Сяргей Аляксандравіч.

Да справы падключыўся Следчы камітэт, пачала праводзіцца даследчая праверка па факце смерці вайскоўца тэрміновай службы.

— Праверка працягваецца, былі прызначаныя і праведзеныя экспертызы. Мы чакаем вынікаў, — каментуюць знаёмыя сям’і Басцюк.