У бацькоў Аляксандры Герасімені адбыўся вобшук
У доме бацькоў кіраўніка Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці вядомай плыўчыхі Аляксандры Герасімені адбыўся вобшук, паведаміў onliner.by.
Следчыя прыйшлі таксама ў кватэру выканаўчага дырэктара фонду Аляксандра Апейкіна. „Прыйшлі дадому з вобшукам. 900 тыс. за канапай мае, калі што. Зарабіў на гандлі шчанюкамі харта”, — іранічна напісаў ён на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, нагадаўшы пра гісторыю з 900 тыс. долараў, якія знайшлі за канапай пры леташнім вобшуку на лецішчы блогера Сяргея Ціханоўскага.
2 красавіка Следчы камітэт паведаміў аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да Герасімені і Апейкіна. „Паводле дадзеных следства, вышэйназваныя асобы ў жніўні 2020 года стварылі так званае аб`яднанне „Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці”, абвясціўшы яго мэтамі аказанне фінансавай і юрыдычнай дапамогі спартсменам, прыцягнутым да адказнасці за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь. На справе Герасіменя і Апейкін, з`яўляючыся адпаведна старшынёй і выканаўчым дырэктарам, распаўсюджвалі заведама лжывыя звесткі аб ходзе і выніках выбарчай кампаніі, пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах жыцця грамадства”, —гаворыцца ў паведамленні СК.
„У інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі звярталіся з заклікамі да замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый аб учыненні дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”, — сцвярджаецца ў рэлізе.
„У прыватнасці, — прыводзіць прыклад СК, — пад націскам членаў вышэйназванага „аб`яднання” з Беларусі перанесены шэраг буйных спартыўных мерапрыемстваў (верагодна, гаворка пра чэмпіянат свету па хакеі. — БелаПАН.). У выніку дзеянняў Герасімені і Апейкіна, а таксама іншых асоб нанесены значны іміджавы і фінансавы ўрон, падарваны прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрэдытавана кіраўніцтва спартыўнай галіны і дзяржавы”.
„Дзеянні членаў так званага БФСС следчымі кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 361 (Мінск
заклікі да ўчынення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп`ютарнай сеткі інтэрнэт) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Санкцыя артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 5 гадоў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Герасiменя i Апейкiн знаходзяцца па-за межамi Беларусi.