У Батумі – „Чарнобыльскі шлях”
У грузінскім Батумі на цэнтральнай плошчы – Плошчы Еўропы адбылася акцыя памяці Чарнобыльскай катастрофы. Некалькі соцень актывістаў з розных краін, большасць з якіх складалі беларусы ды ўкраінцы, пад вялікімі нацыянальнымі сцягамі ўзгадалі хвілінай маўчання людзей, што загінулі ад Чарнобыльскай аварыі 1986 года.

Пра акцыю кажуць беларускія актывісты:
– Частка нашага беларускага супраціву. А таму, калі мы ўжо пачалі паважаць сваю гісторыю, калі мы пачалі вылучаць нейкія ўрокі з яе, шанаваць свае традыцыі...
– Гэта нам нагадвае пра трагедыю, якая адбылася ў Чарнобылі, з-за якой пацярпела вельмі шмат беларусаў. Самая пацярпелая краіна ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС – гэта Беларусь. Больш за ўсё радыеактыўных матэрыялаў выпала менавіта на тэрыторыі Беларусі.
Для грузінскага актывіста Ніка Кашэвадзэ Чарнобыльская катастрофа – гэта памяць пра халатнасць савецкай наменклатуры і пра гераізм простых людзей.
– Чарнобыльская катастрофа, якая адбылася ў Савецкім саюзе – гэта было сімвалам таго, наколькі чалавечае неразуменне сітуацыі, наколькі прага дагадзіць якому-небудзь чыноўніку можа прывесці да катастрофы, якая можа загубіць увесь свет. Таму вельмі сімвалічна, што мы не толькі сёння, але і ўвогуле памяталі пра тое, што страх можа быць ворагам не толькі таго чалавека, які баіцца, але і ворагам усяго свету. Таму што з-за страху пасля такія людзі твораць абсалютна незразумелыя і неабгрунтаваныя рэчы, якія вядуць да падобных трагедый. І адвага, і абсалютная самааддача можа выратаваць увесь свет.
На акцыі таксама ўзгадалі пра вайну ва Украіне, там прагучалі гімны Грузіі, Украіны і Беларусі. Акцыі супраць вайны ва Украіне адбываюцца ў грузінскім Батумі штодня.













Беларускае Радыё Рацыя
