У Батумі прайшоў Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў
8-га верасня ў цэнтры грузінскага Батумі адбылася акцыя салідарнасці з незалежнымі медыя ў Беларусі. У акцыі прыняло ўдзел каля 40 беларусаў з плакатамі і нацыянальнай сімволікай.
Удзельнікі акцыі канстатавалі, што такія акцыі салідарнасці аб’ядноўваюць беларусаў:
– З Беларусі з’ехала амаль уся прэса, маю на ўвазе свабодную прэсу. Без свабоды слова ніякая краіна існаваць не можа. Застаецца толькі прапаганда і агітацыя, толькі адзін напрамак думкі. Зразумела, што ў хуткім часе мы пабачым тое ж, што ў Паўночнай Карэі.
Іншы ўдзельнік акцыі канстатуе, што акцыі ў Батумі паказваюць, што беларусы змагаюцца:
– Вельмі важна збірацца таму, што трэба паказваць, што мы нікуды не падзеліся, мы ёсць. Нягледзячы на тое, што нас так ці іначай прымусілі выехаць з нашай краіны, мы ўсё яшчэ змагаемся за яе свабоду. Мы падтрымліваем усе дэмакратычныя інстытуты, у тым ліку нашых журналістаў. Краіна пераўтвараецца ў Паўночную Карэю. Закрываюцца ўсе дэмакратычныя інстытуты, каб у людзей не было іншага пункту гледжання. Яны бачаць толькі дзяржаўныя СМІ. Добра, што хоць інтэрнэт цяпер дазваляе.
11 верасня ў Батумі адбудзецца адна з самых вялікіх акцый за апошнія месяцы, а прысвечана яна будзе дню нараджэння Святланы Ціханоўскай.
Беларускае Радыё Рацыя