У базе дармаедаў 25 тысяч берасцейцаў



Амаль дваццаць пяць тысяч чалавек з Берасця трапілі ў базу дармаедаў па горадзе. Ім будуць пералічваць камунальныя плацяжы. Такія афіцыйныя дадзеныя агучылі мясцовыя чыноўнікі. Старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганна Канюс адзначыла, што большая частка беспрацоўных проста з’язджае за мяжу:

– Людзі ў пошуках лепшай долі выязджаюць у Польшчу і Украіну, каб працаваць і зарабляць грошы. Гэтая лічба 24 тысячы чалавек жудасная, бо кожны дзень усе гавораць, што мы жывём у добрай краіне, дзе добрая эканоміка. Аднак якая гэта добрая эканоміка, калі столькі людзей не можа ўладкавацца на працу.

Крыху больш за сямнаццаць тысяч людзей без працы выяўлена ў Маскоўскім раёне і звыш сямі тысяч у Ленінскім раёне. Усе гэтыя людзі да 1 сакавіка сёлета не прадставілі інфармацыі, якая б пацвярджала іх занятасць у рэгіёне.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: TUT.BY