У БДМУ створаная камісія па аднаўленні студэнтаў, адлічаных з-за ўдзелу ў пратэстах
Адлічаныя з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (БДМУ) студэнты атрымалі СМС-паведамленні з рэктарата з просьбай з’явіцца ў ВНУ для абмеркавання пытання аб аднаўленні.
Як паведаміў БелаПАН адзін са студэнтаў БДМУ, такія паведамленні атрымалі шэсць чалавек, якім раней аддалі на рукі загады аб адлічэнні. „Першапачаткова прарэктар Павел Маркаўцан казаў пра 21 адлічанага студэнта, але калі многія з іх прыходзілі ў дэканаты па дакументы, ім казалі, што загадаў аб адлічэнні не было. Некаторыя гатовыя былі з’ехаць працягваць вучобу за мяжой, але ніяк не маглі атрымаць гэтыя загады, каб пацвердзіць сваё адлічэнне”, — расказаў суразмоўца БелаПАН.
Паводле яго слоў, многім студэнтам, прозвішчы якіх першапачаткова былі ў спісах на адлічэнне, да гэтага часу не зразумела, адлічаныя яны ці не.
Прэс-сакратар БДМУ Аксана Курбека пацвердзіла БелаПАН інфармацыю аб тым, што ВНУ займаецца пытаннем аднаўлення некаторых студэнтаў. „У адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта, аб якім ён казаў у пятніцу журналістам, ва ўніверсітэце створаная камісія, якая зоймецца пытаннем аднаўлення студэнтаў. Як менавіта гэта будзе праходзіць і колькі студэнтаў адновяць, у гэты момант удакладняецца”, — сказала яна.
На пытанне, колькі студэнтаў было адлічана з ВНУ, прэс-сакратар адказаць не змагла. „Гэтую лічбу трэба ўдакладняць, давайце дачакаемся заканчэння працы камісіі. Кожная кандыдатура будзе разглядацца асобна. Думаю, камісія будзе працаваць аператыўна, таму што навучальны год ідзе”, — адзначыла яна.
Курбека таксама паведаміла, што штогод з розных прычын з медуніверсітэта адлічваецца прыблізна 100 чалавек. „Нехта не спраўляецца з навучальнай нагрузкай, нехта пераязджае, паводле сямейных абставін, пераводзіцца ў іншую медыцынскую ВНУ, а нехта хоча вучыцца іншай прафесіі. Адлічваюць і з-за дысцыплінарных спагнанняў”, — удакладніла яна.
13 лістапада Аляксандр Лукашэнка паведаміў журналістам, што даручыў выпрацаваць механізм па аднаўленні ў ВНУ адлічаных з-за ўдзелу ў пратэстах студэнтаў „пад гарантыі”. Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, яго „завалілі лістамі” бацькі такіх студэнтаў, яны просяць аднавіць у ВНУ іх дзяцей. „Ну, выкінулі мы гэтых 300 чалавек… Я не скажу, што яны адмарожаныя і дрэнныя. І паспяваюць нармальна, і некаторыя наогул вельмі здольныя людзі. Думаю, ну, страцім жа іх. Каму яны патрэбныя? Ну, паедуць яны ў гэтую Польшчу, хай там і працуюць! Але яны там не патрэбныя. Таму я даручыў адпаведным службовым асобам, парламентарыям, дэпутатам выпрацаваць механізм. Трэба вярнуцца да гэтага пытання, паглядзець на гэтых адлічаных. У мяне ёсць практыка пад гарантыі. І мы вельмі многае рабілі, і гэтых ужо пратэстуноў выпускалі пад гарантыі”, — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама паведаміў, што на яго патрабаванне ў заканадаўства ўнесеная прапанова „аб памілаванні пад заклад — пад гарантыі і абавязацельствы”. Законапраект, сказаў ён, цяпер знаходзіцца ў парламенце.
Адлічэнні ў ВНУ пачаліся пасля выступлення Лукашэнкі 27 кастрычніка на нарадзе па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу: „Студэнты: прыйшлі вучыцца — вучыцеся. Хто хоча, той хай вучыцца. Хто выйшаў у парушэнне закона на несанкцыянаваныя акцыі, пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў армію, а каго — на вуліцу. Хай ходзяць па вуліцы. Але яны павінны быць адлічаныя з ВНУ. Тое ж самае выкладчыкі, іх таксама адзінкі, якія брыдка сябе паводзяць у ВНУ”.
„Паўтараю: нікога не прасіце і не ўгаворвайце, гэта бескарысна. У найлепшым выпадку ў гэтай сітуацыі мы іх загонім пад плінтус. І яны потым зноў адтуль вылезуць. Таму хай вызначаюцца, дзе яны хочуць жыць, як яны хочуць жыць і што рабіць”, — дадаў ён.