У БДУ ліквідаваны Інстытут журналістыкі



У Беларускім дзяржаўным універсітэце ліквідаваны Інстытут журналістыкі, які дзейнічаў з 2008 года. Ён будзе рэарганізаваны ў два асобныя факультэты, паведамляе прэс-служба БДУ.

Дадзенае рашэнне аднагалосна прынялі члены Савета БДУ, пасяджэнне якога прайшло 13 красавіка. Сёння актуальнай для БДУ з’яўляецца стратэгічная задача па павышэнні якасці адукацыі. Яе дасягненне ажыццяўляецца ў ВНУ праз аптымізацыю структуры спецыяльнасцяў, стварэнне сістэмы дыстанцыйнага навучання, генерацыю фінансавых сродкаў. Адным з магчымых рашэнняў гэтых задач з’яўляецца стварэнне агульнаўніверсітэцкага факультэта, які цэнтралізуе дадатковую адукацыю па комплексе БДУ„, — адзначылі ў прэс-службе.

Ім стане выведзены са структуры Інстытута журналістыкі факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Факультэту прысвояь статус адзінага навукова-метадычнага і каардынацыйнага цэнтра дадатковай адукацыі дарослых у комплексе ВНУ. Пытанне аб наданні самастойнасці структуры дэталёва абмяркоўвалася і прапрацоўвалася на працягу некалькіх месяцаў, дадалі ў ВНУ.

На многіх факультэтах і ў інстытутах маюцца ідэнтычныя сегменты павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Гэта стварае ўнутраную канкурэнцыю. Трэба пазбягаць дубліравання спецыяльнасцяў па дадзеным адукацыйнаму кірунку і стварыць адзіны магутны цэнтр у БДУ, які будзе працаваць на знешні і ўнутраны кантынгент слухачоў„, — лічыць рэктар БДУ Андрэй Кароль.

Паводле яго слоў, неабходнасць акумулявання існуючага навукова-інтэлектуальнага патэнцыялу ў адной структуры, сыходу ад аднолькавых спецыяльнасцяў перападрыхтоўкі ў БДУ была падтрымана на Савеце „практычна аднагалосна”.

Наданне самастойнага статусу факультэту павышэння кваліфікацыі абумоўлена пашырэннем яго дзейнасці ў галіне дадатковай адукацыі і экспарту адукацыйных паслуг. „За дзевяць гадоў факультэтам праведзена больш за 250 адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі і навучальных курсаў, у якіх прынялі ўдзел каля 6 тысяч слухачоў. Штогод адкрываюцца адукацыйныя праграмы і рэалізуюцца сумесныя праекты з шэрагам структурных падраздзяленняў БДУ”, — удакладнілі ў прэс-службе.

Таксама члены Савета разгледзелі пытанне аб перайменаванні факультэта журналістыкі. Была адзначана неабходнасць змянення назвы ў сувязі з актыўным развіццём існуючых напрамкаў падрыхтоўкі. „На факультэце рыхтуюць кадры як для СМІ, так і для сферы публічнай інфармацыйнай прасторы Беларусі. Факультэт журналістыкі фактычна перастаў быць монафункцыянальным з 1996 года, калі пачалася падрыхтоўка па спецыяльнасці „Інфармацыя і камунікацыя”. Па ініцыятыве кафедры тэхналогій камунікацыі ў 2013 годзе ў агульнадзяржаўны класіфікатар прафесій ўнеслі пасаду „спецыяліст па сувязях з грамадскасцю” і „спецыяліст па рэкламнай камунікацыі”. Гэта дазволіла легітымізаваць дадзеныя віды дзейнасці і забяспечыць выпускнікоў працоўнымі месцамі”, — адзначаецца ў рэлізе. Перайменаванне ў адпаведнасці з наяўнымі праграмамі падрыхтоўкі дасць магутны імпульс інавацыйнаму развіццю факультэта, лічаць у ВНУ.

Савет БДУ вырашыў разгледзець пытанне аб перайменаванні журфака да канца красавіка, прыцягваючы да абмеркавання прадстаўнікоў асноўных заказчыкаў кадраў.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, дырэктар Сяргей Дубовік, які ўзначальвае Інстытут журналістыкі з часу заснавання, а факультэт журналістыкі з 2005 года, ужо звольнены з пасады. Інфармацыя пра яго знікла з афіцыйнага сайта інстытута.

Адзначым, што Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ закрануў пытанне падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў. Ён падкрэсліў, што „трэба падбіраць тых людзей, якія пасля вучобы будуць запатрабаваныя ў прафесіі”, паколькі „прафесія журналіста — асаблівая”. „І вельмі важна, каб на журфак ішлі менавіта тыя, хто захоплены журналістыкай і пасля вучобы будзе працаваць у СМІ. Калі адвучыўся, то павінен працаваць па спецыяльнасці”, — лічыць кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка паставіў задачу вырашыць праблему з забеспячэннем кадрамі сродкаў масавай інфармацыі.   БелаПАН