У БДУ пройдзе калядны дабрачынны баль
Святочнае мерапрыемства адбудзецца з удзелам звыш 300 юнакоў і дзяўчат і з захаваннем традыцый і дрэс-коду. Лэдзі будуць танцаваць у доўгіх вячэрніх сукенках, а кавалеры – у строгіх смокінгах або класічных касцюмах.
Як распавялі ў прэс-службе ўніверсітэта, адкрые праграму вечара вальс дэкана філалагічнага факультэта Івана Роўды і арганізатара праекта «Калядны дабрачынны баль» Дар’і Круковіч. Працягне ўрачыстасць «Вальс дэбютантаў». Выканаюць яго першакурсніцы філалагічнага факультэта з курсантамі ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
У рамках пераднавагодняга вечара любы ахвотны зможа прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі і выйграць сертыфікаты на спартыўны адпачынак, касметычныя і фотапаслугі, арыгінальныя ўпрыгожанні ручной работы, майстар-класы па танцах і вакале. Усе сродкі, атрыманыя ад правядзення Каляднага дабрачыннага балю, накіруюць пацыентам анкалагічнага аддзялення № 3 Рэспубліканскага навукова-практычнага Цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Акрамя таго, для хлопчыкаў і дзяўчынак будуць падрыхтаваны святочныя паштоўкі.
Навагоднюю атмасферу балю створаць артысты БДУ, сярод якіх Алег Шчуцкі (Alen Hit), Вераніка Цубікава, Анастасія Чарняк, дуэт Валерыі і Уладзіслава Макарэвіч і інш.
Уваход на баль – па запрашальных білетах. Стаць удзельнікам могуць усе ахвотныя. Кошт уваходнага білета прыраўноўваецца да мінімальнага дабрачыннага ўнёску. Забраніраваць запрашальныя можна ў групе (https://vk.com/charityball_2019).
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць філалагічны факультэт і Творчы саюз БДУ.
Фота: БелТА