У белаазёрскага грамадскага актывіста незаконна апісваюць маёмасць
Парушэннямі закону праўладнымі дзяржаўнымі арганізацыямі ў Беларусі ўжо ніхто не здзіўляецца. Тым не менш незаконныя дзеянні выклікаюць абурэнне і нежаданне мірыцца з такім станам рэчаў.
Белаазёрскі грамадскі актывіст Уладзімір Зубрыцкі звярнуўся са скаргай на судовую выканаўцу Кацярыну Дзенісюк. Пры апісанні маёмасці Зубрыцкага, які не можа сплаціць вялізныя штрафы нібыта за парушэнне закона “Аб масавых мерапрыемствах”, Дзенісюк прывяла сваіх панятых без дакументаў, затое з відэарэгістратарамі. Падобна на тое, што гэта былі міліцыянты ў цывільным, кажа Уладзімір Зубрыцкі:
– Аказалася, што ў іх няма з сабой пашпартоў. Я тады адразу сказаў, што ніякага вопісу не будзе, зачыніў машыну і адышоў у бок. Затым усё ж такі вярнуўся. Яны там побач хадзілі. Яны паапісвалі, што было бачна.
Гэта адбывалася ў Уладзіміра на працы, дзе было шмат людзей з дакументамі. На прапанову ўзяць любых з іх панятымі Дзенісюк адмовілася.
Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сержука Русецкага, рэжым правакуе і дабівае актывістаў рознымі метадамі:
– Паколькі Зубрыцкаму адмовілі ў растэрміноўцы выплаты папярэдніх штрафаў, то фактычна адбываецца канфіскацыя маёмасці ў людзей, якіх пераследуюць па палітычных артыкулах. Мала таго, што іх затрымліваюць, трымаюць у ізалятарах, даюць штрафы, несувымерныя з заробкамі.
Праваабаронца лічыць, што адбываецца здзек над грамадзянамі і пераслед за іх грамадска-палітычныя погляды.
Беларускае Радыё Рацыя