У Белаазёрску чарговы раз затрыманы грамадскі актывіст Уладзімір Зубрыцкі
У Белаазёрску чарговы, дзевяты па ліку раз, затрыманы грамадскі актывіст Уладзімір Зубрыцкі.
Бярозаўскія ахоўнікі рэжыму забралі яго з працы, заламаўшы рукі, без тлумачэння прычыны. Затым завезлі ў Белаазёрскі гарадскі аддзел міліцыі, дзе на Зубрыцкага быў складзены адміністрацыйны пратакол участковым Мікалаем Вайтовічам за пікет. Міліцыянты па завядзёнцы палічылі пікетам здымак у інтэрнэце цяпер з віншаваннем да Дня перамогі на фоне выявы бел-чырвона-белых сцягоў.
Людзй на ім не відаць. Гаворыць жонка Уладзіміра Зубрыцкага Ганна:
– Зноў за пікетаванне. Быццам ён ёсць на фотаздымку. Міліцыянт спытаў, дзе быў мой муж. Я адказала, што на працы, а пасля са мной. А ён сказаў, што „не зусім са мной”. Зрабілі з яго нейкага ахвярнага казла!
Сябра праваабарончага Цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі лічыць затрыманне Уладзіміра Зубрыцкага дыскрымінацыйным.
Абвінавачанне будуецца толькі на тым, што Зубрыцкі раней прыцягваўся да адказнасці за ўдзел ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, кажа Сяржук Русецкі:
– Згодна з артыкулам 22 Канстытуцыі, усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.
Паводле праваабаронцы, людзьмі ў пагонах парушаецца не толькі Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, але і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах чалавека, а таксама Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.
Уладзіміра Зубрыцкага змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС да суда, які адбудзецца 12 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя