У Белаазёрску працягваецца пераслед тых, каго судзілі па артыкуле 23.34
Дзявяты месяц белаазёрскія грамадскія актывісты, якія караліся па артыкуле 23.34 – удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, пераследуюцца праваахоўнымі органамі. Іх звальняюць з працы, да іх у кватэры ўрываюцца людзі ў чорных масках на тварах з пастановамі на вобшук. Пасля вобшукаў забіраюць на допыт у Бярозаўскі РАУС.
Для сілавых структур зусім няважна, удзельнічаў ты зараз недзе ці не ўдзельнічаў, гаворыць звольненая настаўніца з Белаазёрска Таццяна Брыч:
– Зоркай Давіда ў цябе на спіне гарыць народны артыкул 23.34, і наступны раз, я думаю, нас усіх, хто прыцягваўся да адказнасці па гэтым артыкуле, будуць адстрэльваць, або накіроўваць у газавыя камеры.
Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сержука Русецкага, улада хоча зачысціць усю беларускую прастору як наяўную, так і віртуальную. Беларусы не скарыліся, у інтэрнэце выкідваюць здымкі з бел-чырвона-белымі сцягамі з надпісамі супраціву:
– Ідзе пераслед людзей за іхнія грамадскія і палітычныя погляды. Калі з’яўляюцца нейкія новыя фотаздымкі – адразу вобшукі, праверкі мабільных тэлефонаў, кампутараў.
Вобшукі прайшлі ў Белаазёрску не толькі ў Таццяны Брыч і Уладзіміра Зубрыцкага.
Брыч і Зубрыцкі рыхтуюць скаргі ў Бярозаўскую пракуратуру і міліцыю, патрабуючы спыніць пераслед за іх погляды і грамадзянскую пазіцыю.
Таццяна Брыч
Уладзімір Зубрыцкі
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя