У Белаазёрску працягваюць затрымліваць удзельнікаў “пікету”



У Белаазёрску працягваюць затрымліваць удзельнікаў “пікету”. Пікет прыдумалі бярозаўскія і белаазёрскія міліцыянты, калі ўбачылі здымак у інтэрнэце з бел-чырвона-белымі сцягамі да Дня Перамогі.

Зубрыцкі з сябрамі

Пад здымкам быў надпіс: перамаглі фашызм – пераможам і лукашызм! Па рапарце начальніка аддзела грамадскага правапарадку Бярозаўскага РАУС Мікалая Пракурата, выявы асоб, якія трымаюць сцягі, схаваны.

Начальнік аддзела грамадскага парадку Пракурат

Літаральна на другі дзень справа была “раскрыта”. Лейтэнант крымінальнага вышуку Бобыраў назначыў вінаватых метадам аператыўнай інфармацыі. Гэта пакараныя раней за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах:  Уладзімір Зубрыцкі, Таццяна Брыч, Валянціна Васілеўская, Віктар Хлябец, Іван Берынчык, Валерый Вашкевіч.

Кажа сябра праваабаончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі:

–  Доказаў няма пра так званае масавае пікетаванне. Узнікае параўнанне з 1937 годам, асабліва ўлічваючы, што былы міністр унутраных спраў Шуневіч на святах любіў казырнуць формай НКУС. І тады варанкі прыязджалі за людзьмі, іх маглі забраць па выведах з нейкага сведчання ці проста па даносе з той ці іншай нагоды. Але ж падначаленыя былога міністра ўнутраных спраў забываюцца на тое, што праз пэўны час тыя, хто ўдзельнічаў у масавых рэпрэсіях, самі трапілі пад такія ж рэпрэсіі.

Таццяна Брыч

Затрыманыя Таццяна Брыч і Віктар Хлябец з ізалятара часовага ўтрымання трапілі ў лякарню. Анкалагічна хворая Таццяна Брыч страціла прытомнасць і пры падзенні моцна пабіла нагу, у дыябетыка Хлябца ўпаў цукар. Пасля аказанай дапамогі медыкі адпусцілі Хлябца дадому. Іван Берынчык і Валерый Вашкевіч знаходзяцца ў ізалятары.

Беларускае Радыё Рацыя