У Белаазёрску затрыманы трое грамадскіх актывістаў



У Белаазёрску ў пошуках аўтараў улётак на начальніка Белаазёрскай міліцыі Уладзіміра Плахотніка і старшага ўчастковага Міхаіла Валошчыка і ўдзелу ў акцыі пасля таемнай  інагурацыі Аляксандра Лукашэнкі затрыманы трое грамадскіх актывістаў: Уладзімір Зубрыцкі, Ягор Міхнюк і Віктар Хлябец. У Ірыны Грышчук праведзены ў кватэры агляд і забраны на даследаванне мабільны тэлефон.

Справай па заявах Плахотніка і Валошчыка займаецца прапаршчык крымінальнага аддзела Бярозаўскага РАУС, кажа Ірына Грышчук:

Мяне ж падманам заманілі ў міліцыю. Я падавала заяўку на санкцыянаваны мітынг на 4-га, усе дакументы сабрала і ў райвыканкаме зарэгістравала. І мне патэлефанаваў прапаршчык Ягор Міхайлавіч, аддзел крымінальнага вышуку Бярозаўскага РАУСа, што па пытанні санкцыянаванага мітынга мне трэба падысці. Я прыйшла, а ён мне кажа, што яму давялося мяне падмануць. Ён сустракаецца са мной па іншым пытанні. Гэта нармальна?!

Паводле Ірыны Грышчук, Віктара Хлябца з-за дыябету адпусцілі да суда, які адбудзецца 28 верасня. А Уладзімір Зубрыцкі і Ягор Міхнюк чакаюць суда ў Бярозаўскім ізалятары часовага ўтрымання.

Уладзімір Зубрыцкі.

Беларускае Радыё Рацыя