У Белаазёрску зноў судзяць актывіста



Белаазёрская міліцыя і Бярозаўскі суд працягваюць зачышчаць грамадскае поле ў Белаазёрску. Зноў быў затрыманы на 72 гадзіны да суда грамадскі актывіст, слесар станцыі тэхнічнага абслугоўвання Уладзімір Зубрыцкі нібы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 23 верасня.

Суддзя Наталля Мінчанка не падвергла сумневу сведчанні міліцыянтаў Уладзіміра Салаўя і Алега Пунько і пакарала Зубрыцкага штрафам у 25 базавых велічынь. Віны сваёй Зубрыцкі не прызнаў:

– Буду абскарджваць, бо не лічу сябе вінаватым. Лічу, што фактаў не было. Толькі такія развагі: „Можа быць, я яго ведаю”. Я не прымаю гэта, як факт. Я як і сказаў на судзе, што гэта было проста паказальна, каб было непавадна іншым. 

Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржука Русецкага, не ўпершыню фактычна караюцца людзі без падставы:

– Чарговы раз для рашэння суда сталі пратакол і сведчанні саміх міліцыянтаў. Тое, што людзі ішлі па ходніках – 3 чалавека без усякай сімволікі, без плакатаў. Яны палічылі гэта нейкім масавым мерапрыемствам.

Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Агульны штраф Зубрыцкага за ўдзел у акцыях 57 базавых велічынь, што складае 1.539 рублёў.

Паводле праваабаронцы адначасова ў гэты дзень судзілі другога актывіста з Белаазёрска Сяргея Сароку. Ён быў пакараны суддзёй Дзмітрыем Кавалевічам штрафам восем базавых велічынь за ўдзел у акцыі 6 верасня.

Беларускае Радыё Рацыя