У Беларусь прыбыла місія СААЗ для маніторынгу сітуацыі з каронавірусам
Місія Сусветнай арганізацыі аховы здароўя прыбыла ў Беларусь вечарам 7 красавіка, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім телеграм-канале.
Афіцыйная праца місіі па маніторынгу сітуацыі з каронавірусам COVID-19 пачнецца 8 красавіка і працягнецца да 11 красавіка.
„Экспертам будзе дадзеная магчымасць на месцы ацаніць рэальную сітуацыю, адэкватнасць захадаў, прааналізаваць падыходы да аказання медыцынскай дапамогі. Плануецца, што спецыялісты наведаюць установы аховы здароўя Менска, а таксама Менскай і Віцебскай абласцей”, — адзначаецца ў паведамленні Міністэрства аховы здароўя.
Як паведамлялася, дамоўленасць аб прыездзе місіі СААЗ была дасягнутая 3 красавіка падчас тэлевідэаканферэнцыі з прадстаўнікамі штаб-кватэры арганізацыі ў Жэневе. Таксама ў Капенгагене (Данія) сабраная каманда экспертаў СААЗ, якая будзе ў анлайн-рэжыме дапамагаць экспертам у Менску.
31 сакавіка спікер Савета Рэспублікі, былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава паведаміла пра даручэнне Аляксандра Лукашэнкі запрасіць дэлегацыю СААЗ для ацэнкі працы айчыннай сістэмы аховы здароўя.
„Сёння і прэзідэнт выразна сказаў: давайце запросім у краіну яшчэ незалежных экспертаў СААЗ, і няхай яны нам скажуць, ці правільна мы сёння працуем у гэтай сітуацыі або няправільна. Тым больш, я яшчэ раз паўтару, што наша Міністэрства аховы здароўя працуе ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Гэта мне сёння адказна заявіў і той прадстаўнік, які працуе ў нашай краіне”, — сказала Качанава.
Тым часам актывісты накіравалі ў СААЗ петыцыю з патрабаваннем увесці ў Беларусі каранцін. Петыцыя была размешчаная 1 красавіка на сайце change.org. На вечар 6 красавіка яе падпісалі 150 тыс. чалавек.
belapan.by