У Беларусь прывезлі Віфлеемскі агонь
Увечары 19 снежня лампаду, запаленую ля Труны Гасподняй, даставілі з Вены ў Гародню, паведамляе belta.by. Польскія скаўты перадалі яе беларускім калегам у пункце пропуску “Кузніца”, а пазней агонь сустрэлі ў галоўным каталіцкім храме горада – Фарным касцёле.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што прыбыццё Віфлеемскага агню нагадвае вернікам, што хутка ў краіне будзе адзначацца адно з самых галоўных святаў – Раство Хрыстовае.
Упершыню перадачу Віфлеемскага агню правялі ў 1986 годзе ў рамках падтрымкі людзей з інваліднасцю напярэдадні свята. Ідэю падхапілі еўрапейскія скаўты і зрабілі акцыю штогадовай. Сёння Віфлеемскі агонь адправіцца з Гародні па ўсіх рэгіёнах Беларусі.
Фота БелТА