У беларусаў, якія вярнуліся з Кітая, прыкмет каронавіруса не выяўлена



У беларусаў, якія вярнуліся з Кітая, прыкмет каронавіруса не выяўлена, заявіў 20 лютага журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

„Усе нашы 15 грамадзян, якія знаходзіліся ва Ухані (правінцыя Хубэй), паспяхова вярнуліся на радзіму. На шчасце, ні ў каго не выяўлена прыкмет каранавіруснай інфекцыі, – сказаў Уладзімір Каранік. – Карыстаючыся выпадкам, Міністэрства аховы здароўя выказвае самую шчырую і глыбокую ўдзячнасць усім ведамствам, з якімі мы цесна ўзаемадзейнічалі ў гэтым пытанні. Гэта ў першую чаргу датычыцца пасольства Беларусі ў Кітаі, урадаў Расеі і Казахстана, якія арганізавалі эвакуацыю нашых грамадзян, міністэрстваў аховы здароўя гэтых краін, якія забяспечылі ў поўнай меры правядзенне каранцінных мерапрыемстваў”.

Міністр адзначыў, што ў аднаго з беларусаў, які знаходзіўся ў Расеі, былі медыцынскія праблемы, абсалютна не звязаныя з каранавіруснай інфекцыяй. Ён атрымаў своечасовую дыягнастычную і лячэбную дапамогу. „Гэта сітуацыя паказала высокі ўзровень узаемадзеяння, які ёсць паміж нашымі ведамствамі. Мы фактычна ў рэжыме рэальнага часу звязваліся з міністэрствамі аховы здароўя Казахстана і Расіі. Я практычна штодзень атрымліваў паведамленні аб стане здароўя нашых грамадзян ад сваіх калег. Цесны кантакт быў з прадстаўнікамі нашых пасольстваў у Кітаі, Расеі і Казахстане, тут мы таксама аператыўна вырашалі ўсе існуючыя пытанні”, – падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Як паведамлялася, улады Кітая 31 снежня 2019 года інфармавалі СААЗ аб успышцы невядомай пнеўманіі ў горадзе Ухань. Кітайскія медыкі 7 студзеня ўстанавілі ўзбуджальніка хваробы – каранавірус 2019-nCoV. Лабараторнае тэсціраванне праведзена ва ўсіх выпадках з падазрэннем на новую пнеўманію. СААЗ прызнала хваробу ў Кітаі надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага маштабу.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя прысвоіла новаму каранавірусу афіцыйную назву – COVID-19. Устаноўлена, што 168 лабараторый па ўсім свеце аснашчаны тэхналогіямі, якія дазваляюць выявіць каранавірус. Шэсць лабараторый – у Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Нідэрландах і Расеі – будуць аказваць падтрымку ў дыягностыцы.

Выпадкі заражэння інфекцыяй, выкліканай каранавірусам COVID-19, у Беларусі не зарэгістраваны. Разам з тым з 30 студзеня пераведзена ў рэжым павышанай гатоўнасці работа ўсёй санітарна-эпідэміялагічнай службы, хуткай медыцынскай дапамогі, амбулаторна-паліклінічных і бальнічных арганізацый аховы здароўя. Арганізацыі аховы здароўя краіны гатовы да прыёму пацыентаў з падазрэннем на захворванне і правядзення медыцынскага нагляду за кантактнымі асобамі.

У дыягнастычнай лабараторыі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі забяспечана кругласутачнае дзяжурства для правядзення даследаванняў і тэстаў.

belta.by