У беларусаў знізіліся прарасейскія настроі



Такія дадзеныя былі прадстаўлены ў ходзе першай сустрэчы Экспертна-аналітычнага клуба, якая прайшла на днях у Менску. Мерапрыемства арганізавалі Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) і беларускі Прэс-клуб, піша „Ежедневник„.

Перад рэспандэнтамі 15 снежня 2015 года і 16 студзеня 2016 года было пастаўлена пытанне: У якой дзяржаве было б лепш жыць народу Беларусі? Пры гэтым апытваным прапаноўвалася два варыянты адказу: у саюзе з Расеяй і ў Еўрасаюзе.

У снежні мінулага года 69,8% беларусаў выказаліся за саюз з РФ, тады як у студзені бягучага года за гэты ж саюз аддалі свае галасы ўжо 57,7% апытаных жыхароў Беларусі. Раней такіх рэзкіх месячных спадаў за гісторыю апытанняў не фіксавалася.

Характэрна, што жаданне жыць у Еўрасаюзе ў снежні выказала 15,1% рэспандэнтаў, а ў студзені – ужо 16,8%. На думку экспертаў, рост праеўрапейскіх адносін у Беларусі выкліканы, перш за ўсё, досыць агрэсіўнай знешняй палітыкай Расеі. Таксама на спад прарасейскіх настрояў магла паўплываць пазіцыя РФ пры размовах аб выдзяленні Менску новага крэдыту.

Па дадзеных BAW, за ўваходжанне Беларусі ў Расею на правах аўтаноміі сёння выказаліся толькі 4,9% апытаных беларусаў, што сведчыць аб іх не надта вялікіх інтэграцыйных парывах.