У Беларусі 19 255 (+905) выпадкаў каронавіруса
Паводле Мінздароўя, у Беларусі па стане на раніцу 6 траўня 19 255 (+905) выпадкаў каронавіруса, што складае 8,7% ад колькасці праведзеных тэстаў. Усяго праведзена 220 тыс. 45 тэстаў.
Выздаравелі і выпісаныя 4388 пацыентаў.
Па афіцыйнай статыстыцы, за ўвесь перыяд памерлі 112 чалавек.
Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ пяць чалавек, а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 905 (+4,9%). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.
Ачунялі і выпісаныя 4.388 пацыентаў (617 за суткі). Усяго праведзена 220.045 тэстаў. Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”.
Аляксандр Лукашэнка 5 траўня заявіў аб тым, што прагноз беларускіх спецыялістаў аб развіцці ў краіне эпідсітуацыі з COVID-19 „пакуль спраўджваецца з дзіўнай дакладнасцю”. Кіраўнік дзяржавы разлічвае на завяршэнне ў Беларусі „эпапеі” з каранавірусам праз месяц. „На сённяшні дзень у нас усіх пнеўманійных 12.415, усіх — і кавідных, і не кавідных. Хварэе 12.400. Для краіны, скажу шчыра, гэта шчасце, што такая невялікая колькасць. З іх (з 12 тысяч з паловай) толькі 1.008 чалавек цяжкахворымі класіфікуюцца. Гэта ўсяго 8% цяжкіх пнеўмахворых ад усёй колькасці. Гэта выдатны вынік, таму пакуль я не бачу, у чым мы не маем рацыю. Ну, магчыма, у нечым не маем рацыю, магчыма, мы яшчэ не ўсё бачым. Ну, пройдзе час, ацэнім сітуацыю, зробім адпаведныя высновы”, — сказаў беларускі кіраўнік.
5 траўня ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская выказала меркаванне, што выйсці на ўстойлівае зніжэнне захворвання на каранавірусную інфекцыю COVID-19 у Беларусі ўдасца недзе праз месяц. Такой ацэнкаў яна падзялілася ў адказ на пытанне, на які прагноз спецыялістаў спасылаецца кіраўнік дзяржавы. „Мы зрабілі гэты прагноз. Улічвалася эпідэміялагічная мадэль, удзельнічалі ў яе распрацоўцы розныя спецыялісты, таму што гэтае пытанне знаходзіцца на стыку спецыяльнасцяў — у сферы працы эпідэміёлагаў, вірусолагаў, інфекцыяністаў. Улічвалі зусім розныя параметры: сярэдні інкубацыйны перыяд каранавіруса, розныя мадэлі, як можа развівацца сітуацыя. І, безумоўна, улічвалі і нейкія пэўныя сацыяльныя асаблівасці, разумеючы, што ў тыя ж выхадныя дні рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па сацыяльным дыстанцыяванні насельніцтва не так дакладна выконвае, як у працоўныя дні”, — патлумачыла Глінская.
„І вось гэты прагноз, уласна кажучы, вось за той перыяд з моманту яго стварэння, практычна ў поўнай меры апраўдваецца. Ну, можа быць, дзесьці апошнія тыдні паўтара ледзь-ледзь у нас з’явіўся па прагнозе зрух на адзін дзень. Тыя меры, якія мы робім, досыць эфектыўныя, яны працуюць і дазваляюць нам папярэдзіць досыць вялікую колькасць выпадкаў захворвання, не дапусціць лавінападобнага росту”, — дадала спецыяліст.
Адказваючы на пытанне, калі Беларусь па колькасці заражаных COVID-19 выйдзе на „тое самае плато і лічбы ўсё ж такі пачнуць паволі ісці на спад”, намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя адказала: „Мяркуем, што дзесьці праз месяц, магчыма, нават да канца гэтага месяца, мы ўсё ж такі выйдзем на ўстойлівае зніжэнне захворвання і тады ўжо можна будзе казаць пра нейкія наступныя прагнозы”.
Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік 9 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў паведаміў, што, паводле разлікаў Міністэрства аховы здароўя, на пік захворвання на каранавірус Беларусь выйдзе ў канцы красавіка — пачатку траўня.
Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан на прэс-канферэнцыі 14 красавіка дала прагноз, што рост колькасці пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі на 300—400 за суткі працягнецца яшчэ два-тры тыдні, пасля чаго пачнецца спад.
Аднак гэты прагноз не апраўдаўся — спаду не адбылося, а лік выпадкаў COVID-19, якія выяўляюцца штосуткі, удвая большы за агучаныя раней ацэнкі Міністэрства аховы здароўя.
belapan.by