У Беларусі 215 выпадкаў заражэння каронавірусам
Міністэрства аховы здароўя Беларусі па-ранейшаму не дае дакладныя лічбы заражаных каронавірусам з пачатку пандэміі, але перадае іх у МНС. Сутачная зводка па захварэлых была апублікавана ў тэлеграм-канале Nexta. Яе сапраўднасць TUT.BY пацвердзілі некалькі крыніц, але афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі адмовіўся каментаваць дакумент.
Па дадзеных у апублікаваным дакуменце, Міністэрства аховы здароўя паведаміла ў МНС, што ў Беларусі зарэгістравана 215 выпадкаў заражэння каронавірусам. У Менску – 102, у Віцебскай вобласці – 66, у Гомельскай – 9, Гарадзенскай вобласці – 4, Менскай вобласці – 33, у Магілёўскай – 1. Памёр адзін чалавек. Ачунялі 53 чалавекі.
У апошнім паведамленні Міністэрства аховы здароўя гаварылася пра тое, што ў Беларусі памерлі два пацыенты, у якіх быў выяўлены каронавірус. Агульная колькасць выпадкаў каронавіруса ў Беларусі Міністэрства аховы здароўя з 31 сакавіка не паведамляе. 30 сакавіка гаварылася пра 152 выпадкі.
Да таго ж у зводцы МНС чамусьці няма згадкі пра першы выпадак на Берасцейшчыне.
Нагадаем, СААЗ заклікала Беларусь палепшыць інфармаванне грамадзян пра сітуацыю з каронавірусам у краіне.
Фото: Reuters