У Беларусі 23.906 пацверджаных выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 23.906 (8,7% агульнай колькасці праведзеных тэстаў), памерла 135 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ чатыры чалавекі, а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 933, або на 4% (у папярэднія суткі быў 921 новы выпадак і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Ачуняў і выпісаны 6.531 пацыент (+125 за суткі).

У міністэрстве адзначылі, што ў краіне 38 лабараторый ажыццяўляюць аналіз тэстаў на каранавірус. „Праведзена 274.060 тэстаў. За апошнія суткі спецыялісты правялі 10,5 тыс. даследаванняў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Міністэрства зноў не апублікавала статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік 8 мая заявіў журналістам, што ў некаторых раёнах Менскай і Віцебскай абласцей назіраецца зніжэнне захворвання на каранавірусную інфекцыю. „У астатніх рэгіёнах мы лічым, што выйшлі на плато. Трэба яшчэ некаторы час аказваць дапамогу ў такім інтэнсіўным рэжыме, пасля чаго будзе зніжэнне захворвання і зваротнае перапрафіляванне ложкавага фонду для звычайнага рэжыму працы”, — паведаміў чыноўнік.

Аналіз сітуацыі, заўважыў ён, паказвае, што ў большасці пацыентаў інфекцыя працякае ў лёгкай форме, але ў 15-20% выяўляюцца ўскладненні ў выглядзе пнеўманіі. Меддапамогу пацыентам аказваюць як у амбулаторных умовах пры лёгкай форме захворвання, так і ў стацыянарах. На сёння перапрафіляваны ложкавы фонд заняты менш як на палову, ёсць усе неабходныя медыкаменты, абсталяванне, заявіў Каранік. „Мы лічым, што сітуацыя кантраляваная, кіраваная, рэзервы ў сістэмы аховы здароўя ёсць”, — падкрэсліў міністр.

Каранік паведаміў, што найбліжэйшым часам у Беларусь прыбудуць экспрэс-тэсты на антыцелы да COVID-19. На першым этапе тэсты размяркуюць па медыцынскіх установах. Міністэрства аховы здароўя таксама плануе правесці ў асобных раёнах краіны цэнтралізаваныя даследаванні для вызначэння імуннай праслойкі да COVID-19. „Мы пастараемся зрабіць гэта максімальна аператыўна. Па шэрагу раёнаў будзем праводзіць цэнтралізаваныя даследаванні ўсіх пацыентаў, якія знаходзіліся на бальнічным лісце ў апошнія два месяцы ў сувязі рэспіраторнымі інфекцыямі”, — сказаў чыноўнік.

Ён не выключае верагоднасці таго, што другая хваля захворвання наступіць у восеньска-зімовы перыяд. „Таму мы будзем праводзіць даследаванні, каб вызначыць імунную праслойку сярод нашага насельніцтва. У нейкіх раёнах гэта будзе цэнтралізавана, дзесьці будзе наладжаная магчымасць прайсці ўсім ахвотным”, — дадаў Каранік.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што”калі мы і далей будзем ісці абраным шляхам, мы абавязкова праз месяц забудзем пра каранавірус”. Ён выказаў упэўненасць у тым, што „ў Беларусі здолеюць перамагчы каранавірус, у тым ліку і з Божай дапамогай”. „Думаю, Гасподзь дапаможа пераадолець па ўсёй краіне гэтыя няшчасце і навалу”, — заявіў кіраўнік дзяржавы 8 мая пасля ўрачыстай цырымоніі закладкі капсул з зямлёй, сабранай у месцах вайсковай славы і гібелі мірнага насельніцтва, якая прайшла ў мінскім храме-помніку Усіх Святых.

belapan.by