У Беларусі 2919 хворых на каронавірус, 29 памерлі



Мінздароўя паведамляе, што ў Беларусі па стане на раніцу 13 красавіка зарэгістравана 2919 выпадкаў каронавіруса (+341).

55 чалавек маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Памерлі 29 чалавек, выпісаныя 203 чалавекі. Праведзена амаль 68 тысяч тэстаў для правядзення тэставання задзейнічана 17 лабараторый.

На раніцу 12 красавіка агульная колькасць тых, хто заразіўся каранавіруснай інфекцыяй, складала 2.578. Такім чынам, за суткі агульная колькасць пацверджаных выпадкаў інфікавання вырасла на 341 (рост на 13,2%). Агульная колькасць ахвяр зноў павялічылася на тры чалавекі (днём раней было 26, да гэтага — 23).

Як сцвярджаюць у Міністэрстве аховы здароўя, у большай часткі пацыентаў захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Разам з тым 55 пацыентаў маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Пасля праходжання лячэння ачунялі і выпісаныя 203 чалавекі.

„Памерла 29 пацыентаў з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”, — гаворыцца ў паведамленні.

У Беларусі праведзена больш за 68 тыс. тэстаў на каранавірус. У тэставанні задзейнічана 17 лабараторый.

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан 12 красавіка ў эфіры праграмы „Тыдзень” тэлеканала СТВ адзначыла, што рост колькасці інфікаваных — прагназаваны і чаканы. „І як бы нам ні хацелася, каб гэтага росту не было, усё роўна вопыт іншых краін паказвае, што захворванне будзе павялічваць свае тэмпы”, — сказала Богдан. На сёння рост захварэлых складае 300—400 чалавек за дзень, дадала яна.

Паводле яе слоў, сёння больш за 50% усіх захварэлых COVID-19 складаюць так званыя кантакты першага ўзроўню. „У нас ужо ідзе папуляцыйная перадача віруса, а не толькі ад тых людзей, якія прыехалі і якіх мы адразу ізалявалі”, — падкрэсліла намеснік міністра.

Богдан нагадала, што Міністэрства аховы здароўя прыняла рашэнне не шпіталізаваць кантакты першага ўзроўню. Зараз распрацоўваецца „нарматыўны дакумент, які дазволіць грамадзянам з бессімптомным ці лёгкім цячэннем каранавіруснай інфекцыі пры ўмове магчымасці поўнай самаізаляцыі знаходзіцца дома”.

Міністэрства аховы здароўя чакае выніковай справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, паведаміла Богдан. Паводле яе слоў, сітуацыя ў Беларусі „ляжа ў рэкамендацыі СААЗ” і будзе выкарыстаная для іншых краін, якія толькі сутыкаюцца з ростам выпадкаў каранавіруснай інфекцыі.

Кіраўнік місіі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Патрык О’Конар на брыфінгу ў Менску 11 красавіка паводле вынікаў візіту заявіў, што Беларусь уваходзіць у новую фазу эвалюцыі ўспышкі COVID-19, і цяпер час „рыхтавацца да найгоршых сцэнарыяў і ўмацоўваць узаемадзеянне ўрада з усім грамадствам”.

belapan.by