У Беларусі 52.520 пацверджаных выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 дасягнула 52.520, памерла 298 чалавек (плюс пяць за апошнія суткі), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Прырост хворых за суткі склаў 704 выпадкі (1,4%). Другі дзень запар гэты паказчык ніжэйшы за 800 (у папярэднія суткі было 750 новых выпадкаў і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна адзначае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Ачунялі і выпісаныя 27.760 пацыентаў, у тым ліку за апошнія суткі — 1.317. У папярэднія два дні колькасць тых, хто выздаравеў, таксама была вышэйшай за колькасць тых, хто захварэў, — 976 пацыентаў 11 чэрвеня, 1.161 — 10 чэрвеня.

Усяго праведзена 697.011 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 18.441.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.

12 чэрвеня афіцыйны прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) у Беларусі Батыр Бердыклычаў паведаміў журналістам, што Беларусь усё яшчэ знаходзіцца на стадыі лакальнай перадачы каранавіруснай інфекцыі COVID-19, і сітуацыя досыць сур’ёзная.

„Мы бачым, што з надыходам лета ў людзей назапасілася нейкая стомленасць, яны перастаюць усведамляць усё яшчэ існую небяспеку. Гэтая тэндэнцыя вельмі хвалюе, таму што вірус нікуды не падзеўся, небяспека захоўваецца, нягледзячы на некаторую стабілізацыю і зніжэнне колькасці новых зарэгістраваных выпадкаў”, — адзначыў ён.

Бердыклычаў падкрэсліў, што „прыкмет сезоннасці ў гэтага віруса няма” — ён распаўсюджваецца і ў краінах з гарачым кліматам. „Таму спадзявацца, што летам вірус сам сыдзе, не даводзіцца. Усе рэкамендацыі застаюцца ранейшымі: рэспіраторны этыкет, гігіена рук, фізічнае дыстанцыяванне, а дзе яно немагчымае — нашэнне масак”, — сказаў прадстаўнік СААЗ.

belapan.by

Фота: МН