У Беларусі 56.657 пацверджаных выпадкаў COVID-19
Колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 дасягнула 56.657, памёр 331 чалавек (плюс сем за апошнія суткі), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Прырост хворых за суткі склаў 625 выпадкаў (1,1%). Трэці дзень сутачны паказчык захворвання, паводле афіцыйнай статыстыкі, фіксуецца менш за 700 і працягвае зніжацца. У папярэднія суткі было 663 новыя выпадкі і шэсць смерцяў. Міністэрства аховы здароўя традыцыйна адзначае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.
Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачунялі і выпісаныя 34.023 пацыенты (1.288 за апошнія суткі). Такім чынам, ужо вылечаныя больш за палову ўсіх тых, хто захварэў.
Усяго праведзена 800.435 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 21.500.
Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.
14 чэрвеня ў эфіры праграмы „Контуры” на тэлеканале ОНТ намеснік міністра — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Наталля Жукава заявіла, што ў Міністэрстве аховы здароўя не выключаюць другой хвалі захворвання на COVID-19. „Ва ўсякім выпадку, сістэма аховы здароўя рыхтуецца да гэтага”, — падкрэсліла яна.
„Як будзе працякаць інфекцыя, мы будзем назіраць за краінамі, якія сёння знаходзяцца крыху ў іншай стадыі, дзе інфекцыя ў тым выглядзе, у якім мы назіралі яе ў красавіку, у сакавіку, гэты эпідпрацэс завяршыўся, і будзем рабіць высновы і прагназаваць”, — сказала Жукава.
Яна адзначыла, што ўзровень захворвання на каранавірус у Беларусі зніжаецца. „Прагнозы, якія былі зробленыя раней на чэрвень аб плаўным зніжэнні захворвання, спраўджваюцца”, — дадала Жукава.
Паводле яе слоў, „ёсць тэрыторыі, дзе захворванне — практычна мінімальнае, ёсць тэрыторыі, дзе яшчэ эпідпрацэс працягваецца”. „Але ў цэлым мы бачым станоўчую дынаміку”, — заявіла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.
Фота: МН