У Беларусі 64.411 пацверджаных выпадкаў COVID-19
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 64.411 (+187 за апошнія суткі), памерла 449 чалавек (+6), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
За апошнія суткі прырост інфікаваных, паводле афіцыйнай статыстыкі, зноў зафіксаваны ніжэй за 200. У папярэднія суткі быў 221 новы выпадак і сем смерцяў.
Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 53.609 пацыентаў (за апошнія суткі 755). Такім чынам, вылечылася больш за 80% захварэлых.
Праведзены 1.099.571 тэст на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 12.326.
Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш як два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, з улікам аналізу захворвання на COVID-19 у краіне праводзіцца паэтапнае вяртанне да звычайнай працы медыцынскіх арганізацый, якія былі перапрафіляваныя для аказання дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй. Частка устаноў у Менску і рэгіёнах запрацавалі ў звычайным рэжыме ўжо ў чэрвені.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што каранавірус прывёў „да псіхозу ўсю планету” і што сама хвароба ў пандэміі займае палову, астатняе — палітыка. 2 ліпеня, уручаючы дзяржаўныя ўзнагароды, ён падкрэсліў: „Мы не зніжаем градус барацьбы, хоць ужо сёння можна сказаць — мы перамаглі”.
Гаворачы аб каронавірусе на сустрэчы з актывам Менска 7 ліпеня, Лукашэнка заявіў: „Магу вас павіншаваць, што мы з гэтай бядой справіліся”. Галоўным, паводле яго слоў, было не дапусціць панікі. „Мы гэта з вамі пераадолелі. І дай бог, каб далей паволі. Нам трэба паволі сысці ад гэтай бяды і не дапусціць паўторнай эпідэміі. Гэта для нас вельмі важна”, — сказаў ён.
Фота: МН