У Беларусі 73% шлюбаў заключаюць пасля папярэдняга сужыцця



У Беларусі ў 73% выпадкаў афіцыйнай рэгістрацыі ў органах загс папярэднічае шлюб фактычны (сужыццё), паведаміла на пасяджэнні Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы 14 траўня намеснік прадстаўніка Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) Алена Касько.

Каментуючы вынікі сацыялагічнага даследавання „Беларусь: структура сям’і, сямейныя адносіны, рэпрадуктыўныя паводзіны” за 2016—2018 гады, яна адзначыла, што ў краіне вырасла колькасць зарэгістраваных шлюбаў, заключаных пасля фактычнага шлюбу. „Калі да 1990 года большасць афіцыйных шлюбаў (84,6%) заключаліся без папярэдняга сумеснага пражывання, то далей суадносіны сталі мяняцца, і блізу 2017 года колькасць шлюбаў, заключаных пасля шлюбу фактычнага, дасягнула 73%”, — сказала Касько.

Навукоўцы таксама назіраюць выразную тэндэнцыю да адкладвання зачацця, асабліва пакаленнем, народжаным у 1970—1989 гадах. У даследаванні падкрэсліваецца аслабленне сувязяў шлюбных рэпрадуктыўных паводзін. У малодшых пакаленняў больш высокі паказчык скасавання шлюбу, у іх згладжваюцца гендарныя адрозненні верагоднасці стварэння новай сям’і. „Адзінокі лёс жанчыны, якая скасавала шлюб, для маладых пакаленняў больш не характэрны і адыходзіць у мінулае, — сказала Касько. — Акрамя таго, зараз жанчыны часцей з’яўляюцца ініцыятарамі скасавання шлюбу, а мужчыны, наадварот, імкнуцца яго захаваць”.

Пры аналізе даследчых даных навукоўцы вылучылі пяць мадэляў рэпрадуктыўных паводзін беларусаў. Першая, умоўна традыцыйная, мадэль: дзіця з’яўляецца даволі рана, да 25 гадоў у жанчыны, да 27 гадоў у мужчыны, а дзяцей, якія нараджаюцца адзін за адным, у сям’і не менш як два (19% апытаных).

Пры другой мадэлі дзеці нараджаюцца з адносна вялікім прамежкам часу (чатыры гады). Першае — да 25 гадоў у жанчыны, да 27 гадоў у мужчыны, другое і наступныя — адносна познія (27% рэспандэнтаў).

Трэцяя мадэль: двухдзетная сям’я з адкладзеным нараджэннем дзяцей: у жанчыны пасля 25, у мужчыны пасля 27 гадоў (16% апытаных).

Чацвёртая мадэль: ранняе нараджэнне адзінага дзіцяці (19%).

Пятая, сучасная, мадэль: адно дзіця, народжанае жанчынай пасля 25 гадоў, у мужчыны пасля 27 гадоў (13% удзельнікаў даследавання). „Менавіта гэтая мадэль сумяшчае абодва трэнды ў змене рэпрадуктыўных паводзін, а менавіта зніжэнне колькасці дзяцей, як правіла, да аднаго і павелічэнне ўзросту, у якім яно з’яўляецца”, — паведаміла Касько.

Даследаванне праводзілася ў межах праекта тэхдапамогі „Падтрымка рэалізацыі нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі ў Беларусі” Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ пры падтрымцы Нідэрландскага міждысцыплінарнага дэмаграфічнага інстытута. Каардынатар праграмы — аддзел насельніцтва Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН.

У апытанні даследавання ўзялі ўдзел 10 тыс. чалавек ад 18 да 79 гадоў з 56 гарадоў і 40 сельскіх саветаў.

belapan.by