У Беларусі – 8.022 афіцыйна пацверджаныя выпадкі COVID-19
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавірусу ў Беларусі 23 красавіка дасягнула 8.022, памерлі 60 чалавек – такія звесткі прыводзіць Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ два чалавекі, а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 741 (10%) – гэта рэкордны сутачны прырост па хворых і амаль удвая больш за ацэначныя прагнозы сутачнага прыросту Міністэрства аховы здароўя (300–400).
Міністэрства аховы здароўя зноў не паведаміў лічбы хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасці хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу «ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання».
Паведамляецца, што на сёння паправіліся і выпісаныя 938 пацыентаў з COVID-19 (на 169 больш у параўнанні з папярэднім днём).
«З пачатку лютага ў Беларусі праведзена 122 тыс. 543 тэсты на каронавірусную інфекцыю. У кругласутачным рэжыме спецыялісты 25 лабараторый, якія адкрытыя як у рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах і ў цэнтрах гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, так і ў прыватных медыцынскіх цэнтрах, праводзяць праверку тэстаў на COVID-19», – паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Сёння на нарадзе, прысвечанай працы эканомікі ва ўмовах эпідэміі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не стане адмахвацца ад рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, але будзе дзейнічаць адпаведна сітуацыі.
Рэкамендацыі місіі СААЗ па выніках візіту ў Беларусь 7–11 красавіка былі апублікаваныя ў пачатку гэтага тыдня. СААЗ заклікала беларускія ўлады адкласці масавыя мерапрыемствы, уключаючы спартыўныя, рэлігійныя і культурныя; змяшчаць у каранцін «кантакты пацверджаных пацыентаў» і людзей, якія патэнцыйна схільныя да ўздзеяння віруса; перавесці школы, універсітэты і іншыя навучальныя ўстановы на дыстанцыйнае навучанне; скараціць неабавязковыя перамяшчэнні людзей, асабліва для груп высокай рызыкі. Эксперты СААЗ таксама заклікалі ўлады ажыццяўляць «празрыстае і рэгулярнае інфармаванне» грамадскасці пра наяўную сітуацыю, рызыкі і меры па рэагаванні.