У Беларусі абмежавалі доступ да сайта «Голас»
У Беларусі абмежавалі доступ да сайта «Голас». Карыстальнікі МТС і life:) заўважылі, што не могуць зайсці на golos2020.org.
Пры спробе зайсці на сайт альбо старонка не загружаецца, альбо з’яўляецца паведамленне, што «доступ да рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага ў адпаведнасці з Законам аб СМІ».
Гэта значыць, сайт трапіў у спіс рэсурсаў абмежаванага доступу «на падставе рашэння Мінінфармацыі ад 19 сакавіка. Спіс з такімі рэсурсамі недаступны для прагляду звычайным карыстальнікам, але даступны для інтэрнэт-правайдэраў, піша Tut.by. У іншых аператараў старонка пакуль адкрываецца.
Нагадаем, што ў мінулы чацвер Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў прагаласаваць на платформе «Голас» за перамовы з рэжымам Лукашэнкі. Колькасць тых, хто падтрымаў такія перамовы сваім голасам, за суткі набліжаецца да паўмільёна. Карыстальнікі раяць абыходзіць блакіроўкі сайта «Голас» праз VPN.
Беларускае Радыё Рацыя