У Беларусі абмежаваны доступ да інтэрнэт-сайта Sputnikipogrom



Загадам Міністэрства інфармацыі Беларусі ад 23 студзеня абмежаваны доступ да інфармацыйнага рэсурсу sputnikipogrom.com.

4zeqnemd1ts

Як паведамляе сайт Мінінфарма, падставай стала рашэнне суда Цэнтральнага раёна Менска пра прызнанне экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на гэтым рэсурсе.

„Гэтае рашэнне суда было прынятае з улікам экспертнага заключэння Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму, — паведамляе міністэрства. — У шэрагу матэрыялаў, апублікаваных на рэсурсе, утрымліваюцца прыкметы праяўлення экстрэмізму ў частцы інфармацыі, скіраванай на распальванне нацыянальнай варожасці або розні, прапаганду перавагі альбо непаўнавартасці, на падставе іх нацыянальнай або моўнай прыналежнасці, а таксама гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. Распаўсюджванне такіх інфармацыйных паведамленняў забароненае ў адпаведнасці з артыкулам 38 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”.

Сайт sputnikipogrom.com („Спутник и погром”) існуе з 2012 года як інфармацыйны рэсурс рускіх нацыяналістаў, актыўна асвятляе канфлікт ва Украіне, падтрымліваючы самаабвешчаныя ДНР і ЛНР.

Стваральнік сайта, расейскі журналіст Ягор Прасвірнін, удзельнічаў ва ўстаноўчым сходзе грамадскага „Камітэта 25 студзеня”, які прайшоў 25 студзеня 2016 года ў Маскве. Адной з мэтаў камітэта было заяўленае далучэнне да Расеі Украіны і Беларусі, аднак з таго часу ніякай інфармацыі пра дзейнасць гэтай арганізацыі не было.

У красавіку 2016 года „Спутник и погром” першым паведаміў аб затрыманні ў Расеі беларускага блогера Эдуарда Пальчыса — стваральніка сайта 1863x.com, вядомага пад псеўданімам Джон Сільвер, які пасля быў перададзены беларускім уладам і паўстаў перад судом.

belapan.by