У Беларусі абследаваны 121 чалавек на каранавірус



У Беларусі па падазрэнні на заражэнне каранавірусам 2019-nCoV абследаваны 121 чалавек, паведаміла журналістам прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

У РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі абследавана 74 чалавекі, з іх 25 — грамадзяне КНР, шэсць — Украіны, астатнія — грамадзяне Беларусі. „Большая частка гэтых людзей прыбыла з Кітая. Акрамя таго, усіх, хто прыбыў у Нацыянальны аэрапорт 29 студзеня і раней знаходзіўся на тэрыторыі КНР — 47 чалавек, — лабараторна абследавалі на наяўнасць новага варыянта каранавіруса”, — адзначыла Барадун.

Па выніках абследавання каранавірус 2019-nCoV не выяўлены, паведаміла яна. „Вірус грыпу В знойдзены ў аднаго чалавека, грып А (H1N1) — у трох чалавек, рынавірус — у аднаго, мікаплазма пнеўманіі выяўленая ў трох выпадках, змешаныя інфекцыі (грып А і мікаплазма пнеўманіі) — у адным выпадку, — адзначыла прэс-сакратар . — Па стане на 9 раніцы 30 студзеня ў рабоце знаходзілася 18 узораў: шэсць — ад пацыентаў з клінікай ВРВІ і 12 — ад клінічна здаровых асоб”.

Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі ёсць усе неабходныя рэактывы, абсталяванне, тэхналогіі і высокакваліфікаваны персанал, які мае вялікі вопыт правядзення такіх даследаванняў. Цэнтр працуе 24 гадзіны ў суткі.

Таксама паведамляецца, што брыгады хуткай дапамогі „могуць выкарыстоўваць спецыяльную вопратку і біябоксы для транспарціроўкі пацыентаў ва ўмовах цяперашняга санітарна-эпідэміялагічнага становішча”.

Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць захварэлых на вірус у Кітаі складае каля 7,7 тыс., агульная колькасць выпадкаў заражэння ва ўсім свеце — каля 7,9 тыс., 170 чалавек памерла.

БелаПАН