У Беларусі абвешчаны чарговы смяротны вырак
Смяротны прысуд абвясціла калегія Гарадзенскага абласнога суда Івану Куляшу, жыхару вёскі Сялец Лідскага раёна.
Іван Кулеш прызнаны вінаватым у трох забойствах, крадзяжы, рабаванні і спробе яшчэ аднаго забойства.
Расказвае прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Беларускі Хельсінкскі камітэт Раман Юргель:
– Суддзя аб’явіў, што можна абскардзіць рашэнне Гарадзенскага абласнога суда, судовай калегіі па крымінальных справах у 10-дзённы тэрмін з дня агалошвання прысуда. Пасля можна напісаць хадайніцтва аб памілаванні, якое будзе разглядаць камісія па памілаванні. А пасля рашэнне гэтай камісіі будзе прадстаўлена кіраўніку дзяржавы для таго, каб ён прыняў канчатковае рашэнне.
Змякчальнымі фактамі былі прызнаныя наяўнасць малалетняга дзіцяці ў Івана Куляша, яго асабістае прызнанне ў здзяйсненні злачынстваў і яўкі з павіннай. Да абцяжарвальных фактараў былі залічаны п’яны стан Куляша ў час злачынстваў і ягоныя ранейшыя злачынствы. Ранейшыя псіхічныя адхіленні абвінавачанага судом не былі ўлічаны, паколькі адмысловая экспертыза прызнала, што на момант забойства Кулеш не быў у стане афекту і разумеў, што робіць. Але гэта не паўплывала на адмену смяротнага прысуду.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота БелаПАН