У Беларусі адзначаны натуральны прырост насельніцтва
Упершыню больш чым за 20 гадоў у Беларусі адзначаны натуральны прырост насельніцтва, які разам з міграцыйным прыростам забяспечыў павелічэнне колькасці насельніцтва краіны, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.
Паводле звестак Белстата, колькасць насельніцтва на 1 кастрычніка 2016 года склала 9 млн 505,2 тыс. чалавек і ў параўнанні з пачаткам года вырасла на 6.799 чалавек.
За студзень—верасень гэтага года натуральны прырост склаў 518 чалавек. У адпаведным перыядзе мінулага года назіраліся натуральныя страты — 1.762 чалавекі.
У студзені—верасні 2016 года ў рэспубліцы нарадзілася 89.434 дзіця, што на 455 дзяцей (на 0,5%) больш, чым у студзені—верасні 2015 года. Лідары па колькасці нованароджаных Менск (16.844 дзіця) і Берасцейская вобласць (14.162 дзіця).
Узровень нараджальнасці павялічыўся з 12,5 на 1.000 чалавек насельніцтва ў студзені—верасні 2015 года да 12,6 у студзені—верасні 2016 года.
Колькасць памерлых склала 88.916 чалавек і ў параўнанні са студзенем—вераснем 2015 года зменшылася на 1.825 чалавек (на 2%). Зніжэнне колькасці памерлых назіралася ва ўсіх абласцях рэспублікі і сталіцы. Узровень смяротнасці знізіўся з 12,8 на 1.000 чалавек насельніцтва ў студзені—верасні 2015 года да 12,5 у аналагічным перыядзе 2016 года.
Міграцыйны прырост насельніцтва за дзевяць месяцаў бягучага года склаў 6.281 чалавек. Асноўны міграцыйны абмен Беларусі адбываўся з краінамі СНД. У студзені—верасні з гэтых краін у рэспубліку прыбыў 11.381 чалавек. Доля тых, хто прыбыў з Расейскай Федэрацыі, Украіны, Туркменістана і Казахстана, склала 93%. У ліку выбыўшых пераважалі асобы, якія выехалі ў краіны СНД. Іх доля ў агульным ліку тых, хто выехаў з рэспублікі, склала 69,9%, з іх у Расейскую Федэрацыю — 67,8%.
Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, у студзені—верасні 2016 года зарэгістравана 51.963 шлюбы. Афіцыйна скасавалі шлюб 24.076 сем’яў.